Менскі суд адхіліў скаргу затрыманага ў Беларусі курда на дэпартацыю ў Турэччыну, нягледзячы на пагрозу катаваньняў

Хіджры Мамаш.

Менскі гарадзкі суд пакінуў у сіле рашэньне Генэральнай пракуратуры аб выдачы Турэччыне 27-гадовага курда Хіджры Мамаша. Пра гэта паведамляе праваабарончая арганізацыя Human Constanta, якая юрыдычна падтрымлівае маладога чалавека.

Суд прыняў рашэньне, разгледзеўшы скаргу Мамаша ў закрытым рэжыме. Той зьвярнуў увагу на неадпаведнасьць абвінавачаньня беларускаму крымінальнаму заканадаўству, на тэрміновасьць прынятай працэдуры і на пагрозы катаваньняў у выпадку яго выдачы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пагражаюць катаваньні і пажыцьцёвая турма». Турэцкі курд судзіцца зь беларускімі ўладамі за рашэньне дэпартаваць

Хіджры Мамаш праз пагрозы пераследу ўцёк з Турцыі ў Ірак, адтуль прыехаў у Армэнію. Летась у ліпені аформіў новыя дакумэнты, купіў авіяквіток празь Менск да Бялграду, аднак у Нацыянальным аэрапорце быў затрыманы і абвінавачваны ў падробцы пашпарта. Ад таго часу знаходзіцца ў сьледчым ізалятары.

Мамаш падаў заяву аб міжнароднай абароне, але Дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі 5 лютага яму адмовіў. Суд Цэнтральнага раёну Менска 3 красавіка пакінуў рашэньне ў сіле. У тым жа месяцы намесьнік генпракурора Аляксей Стук задаволіў просьбу Міністэрства юстыцыі Турэччыны, дазволіўшы выдачу курда для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці за «замах на тэрытарыяльную цэласнасьць дзяржавы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура пастанавіла выдаць Турэччыне курда, які прасіў прытулку ў Беларусі

Мамаш сьцьвярджае, што не рабіў ніякіх злачынстваў на тэрыторыі Турэччыны, а перасьледуюць яго за ўдзел у мірных акцыях і агітацыі ўступаць у Народную дэмакратычную партыю.

30 траўня Human Constanta накіравала ў прэзыдэнцкую адміністрацыю некалькі сотняў подпісаў пад просьбай не выдаваць Мамаша і даць яму прыстанішча ў Беларусі. Аналягічны зварот 2 чэрвеня накіраваў у ведамства і сам курд.