Міністэрства абароны Расеі выбрала 50 добраахвотнікаў зь ліку вайскоўцаў для клінічных выпрабаваньняў вакцыны ад COVID-19. Пра гэта паведамляюць расейскія інфармацыйныя агенцтвы са спасылкай на заяву ваеннага ведамства.
Маецца на ўвазе вакцына, распрацаваная з удзелам 48-га Цэнтральнага навукова-дасьледчага інстытуту Міністэрства абароны Расеі. Першая група добраахвотнікаў прыбудзе ў інстытут 3 чэрвеня.
Пра тое, што расейскае Міністэрства абароны ўдзельнічае ў распрацоўцы вакцыны ад каранавірусу, стала вядома ў пачатку красавіка. Даклінічныя дасьледаваньні меркаванай вакцыны павінны былі скончыцца да 1 чэрвеня, такія тэрміны называў міністар абароны Сяргей Шайгу на нарадзе з прэзыдэнтам.
Праца вядзецца сумесна з Нацыянальным дасьледчым цэнтрам эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі (НДЦЭМ) імя Н. Ф. Гамалеі Міністэрства аховы здароўя Расеі.
Завяршыць клінічныя выпрабаваньні вакцыны плянуецца да канца ліпеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі паведамілі аб неафіцыйным пасьпяховым выпрабаваньні вакцыны ад каранавірусу на людзях22 траўня акадэмік Расейскай акадэміі навук Аляксандар Гінцбург паведаміў, што супрацоўнікі цэнтру праверылі на сабе патэнцыйную вакцыну ад каранавірусу SARS-CoV-2. Ні ў кога зь іх ня ўзьнікла пабочных эфэктаў, «усе жывыя, здаровыя і радуюцца», сказаў Гінцбург. Дадзеныя аб эфэктыўнасьці не прыводзіліся. Дакладную лічбу выпрабавальнікаў акадэмік не паведаміў. Гаворка ідзе пра так званую вэктарную вакцыну на аснове ДНК адэнавірусу, у якую ўбудаваны ген новага каранавірусу.
Віцэ-прэм’ер Расеі Тацяна Голікава паведамляла, што расейскімі спэцыялістамі адначасова вядзецца распрацоўка 47 вакцын ад COVID-19, а дырэктар Нацыянальнага дасьледчага цэнтру эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі імя Н. Ф. Гамалеі прагназаваў, што масавая вакцынацыя ад COVID-19 можа стартаваць ужо восеньню 2020 году.
На мінулым тыдні мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў, што санітарныя абмежаваньні, уведзеныя для барацьбы з распаўсюджваньнем каранавіруснай інфэкцыі, ня будуць цалкам зьнятыя да стварэньня вакцыны, якая абараняе ад хваробы.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ