За амаль 26 гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі практычна ва ўсіх краінах былога СССР мяняліся прэзыдэнты. Многія зь іх пасьля зыходу альбо зрынаньня рабіліся фігурантамі крымінальных справаў.
Кіраўнікі Ўкраіны і Кіргізстану Віктар Януковіч і Курманбек Бакіеў сталі экс-прэзыдэнтамі-ўцекачамі. Былыя прэзыдэнты Армэніі і Кіргізстану Робэрт Качар'ян і Алмазьбек Атамбаеў знаходзяцца пад арыштам. Супраць Пятра Парашэнкі новыя ўлады Ўкраіны распачалі каля 14 крымінальных справаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарантыі былому прэзыдэнту: Лукашэнка паміж Атамбаевым і ЕльцынымПрэтэндэнтка ў кандыдаты на найвышэйшую пасаду Ганна Канапацкая ў часе дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў выступіла з ініцыятывай закону аб гарантыях для былога прэзыдэнта. Ідэя не была рэалізаваная і выклікала шмат крытыкі ў шэрагах праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Закон аб гарантыях былому прэзыдэнту зьбіраюцца цяпер прымаць у Расеі. У некаторых постсавецкіх краінах прэзыдэнт страчвае недатыкальнасьць, пакідаючы пасаду. У тых жа краінах, дзе закон прадугледжвае недатыкальнасьць былога прэзыдэнта, часам дзейныя ўлады знаходзяць спосабы прыцягнуць былога кіраўніка да крымінальнай адказнасьці.
У чым абвінавачваюць былых прэзыдэнтаў? Чаму большасьць абвінаваўчых прысудаў завочныя? Прапануем агляд найбольш гучных крымінальных справаў супраць былых прэзыдэнтаў.
Украіна: толькі адзін зь пяці не фігураваў у крымінальных справах
За ўсю гісторыю незалежнай Украіны толькі адзін з 5 прэзыдэнтаў — Леанід Краўчук — не фігураваў у крымінальных справах пасьля пакіданьня пасады.
Віктар Януковіч уцёк у Расею ў выніку Майдану ў 2014 годзе, яго пазбавілі прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Супраць Януковіча завялі пяць крымінальных справаў, у тым ліку за незаконнае завалоданьне зямельнымі ўчасткамі, за незаконную прыватызацыю, стварэньне злачыннай групоўкі, забойствы на Майдане. У 2019 годзе кіеўскі суд прызнаў яго вінаватым у дзяржаўнай здрадзе і спробе замаху на тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны і пакараў завочна на 13 гадоў зьняволеньня.
Супраць Леаніда Кучмы крымінальную справу заводзілі двойчы — у 2002 і 2011 годзе яго абвінавачвалі ў незаконных загадах МУС, якія прывялі да забойства журналіста Георгія Гангадзэ. Экс-прэзыдэнт некаторы час знаходзіўся пад падпіскай аб нявыезьдзе, пазьней усе справы закрылі.
У 2019 годзе Віктар Юшчанка быў падазраваным у рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы аб вывадзе рэзыдэнцыі «Межігір’я» зь дзяржаўнай уласнасьці ў 2007 годзе. Справа дагэтуль не закрытая, але працэсуальнай актыўнасьці цяпер у ёй няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віктар Юшчанка: Расея – дэтанатар кожнага канфлікту, пачынаючы ад Нагорнага Карабаху
Супраць Пятра Парашэнкі пасьля сыходу з прэзыдэнцкай пасады было заведзена 14 крымінальных справаў – у тым ліку аб дзяржаўнай здрадзе і злоўжываньні ўладай. Сярод абвінавачаньняў -- арганізацыя праходу караблёў праз Керчанскую затоку, ухіленьне ад падаткаў, умяшаньне ў працу судоў, незаконнае прызначэньне Гройсмана прэм’ер-міністрам, незаконнае завалоданьне зямельным участкам і маёмасьцю ды іншыя. Парашэнка адмаўляе ўдзел у любых супрацьзаконных дзеяньнях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чортаў тузін для прэзыдэнта. Чым завершацца 13 спраў супраць Парашэнкі- Паводле Канстытуцыі Ўкраіны, прэзыдэнт карыстаецца правам недатыкальнасьці толькі на час выкананьня паўнамоцтваў. Званьне прэзыдэнта Ўкраіны захоўваецца за ім пажыцьцёва, калі толькі ён ня быў зрынуты з пасады ў парадку імпічмэнту.
Грузія: справы супраць Гамсахурдыя і Саакашвілі
Супраць першага кіраўніка незалежнай Грузіі Зьвіяда Гамсахурдыя (выбраны ў 1991 годзе) пасьля яго зьвяржэньня ў 1992 годзе выставілі абвінавачаньні ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці, крадзяжы дзяржаўных сродкаў і зьнішчэньні архітэктурных помнікаў. Справа не была завершаная, бо Гамсахурдыя загінуў 31 жніўня 1993 году пры нявысьветленых абставінах.
На трэцяга прэзыдэнта Міхэіла Саакашвілі ў Грузіі заведзена адразу некалькі крымінальных справаў. Яго падазраюць у растраце дзяржаўных сродкаў, перавышэньні паўнамоцтваў у сувязі з разгонам акцыі пратэсту і ў датычнасьці да зьбіцьця апазыцыянэра. Саакашвілі завочна асуджаны на турэмныя тэрміны (на 3 і 6 гадоў турмы) і абвешчаны ў дзяржаўны вышук. Саакашвілі адхіляе выстаўленыя абвінавачаньні.
Азэрбайджан: крымінальныя справы супраць двух першых былых прэзыдэнтаў
Першы прэзыдэнт Азэрбайджану Аяз Муталібаў падаў у адстаўку ў 1992 годзе, пасьля чаго ў розныя гады супраць яго заводзілі крымінальныя справы, у рамках якіх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы гвалтоўнага захопу ўлады і ў іншых цяжкіх злачынствах. Муталібаў уцёк у Расею. У 2012 годзе ён атрымаў недатыкальнасьць як былы прэзыдэнт і вярнуўся ў Баку.
Крымінальныя справы былі заведзеныя супраць другога прэзыдэнта Азэрбайджану, першага дэмакратычна выбранага прэзыдэнта Абульфаза Эльчыбэя, які пабыў на гэтай пасадзе менш за год і быў адхілены ад улады ў 1993-м. Эльчыбэй выступаў з абвінавачваньнямі супраць наступнага прэзыдэнта Гейдара Аліева, у выніку супраць самога Эльчыбэя завялі крымінальную справу за абразу гонару і годнасьці прэзыдэнта. Справа не дайшла да суду.
- У Азэрбайджане прыняты закон аб гарантыях былому прэзыдэнту і чальцам яго сям'і.
Армэнія: былы прэзыдэнт другі год пад арыштам
Робэрт Качар'ян быў прэзыдэнтам два тэрміны, з 1998 па 2008 год. У 2018 годзе яго абвінавацілі ў гвалтоўным зьвяржэньні канстытуцыйнага ладу – паводле абвінавачаньня, гэтаму садзейнічаў сакрэтны загад аб увядзеньні надзвычайнага становішча і выкарыстаньня войска падчас палітычнага крызісу ў 2008 годзе. У рамках гэтай справы ў статусе сьведкі праходзіць і былы прэзыдэнт Армэніі Сэрж Саргсьян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Робэрт Качаран: Можна санкцыямі аслабіць Расею, але не прымусіць памяняць прынцыповыя рашэньніКачар'ян лічыць крымінальны перасьлед палітычнай помстай новага прэм'ер-міністра краіны Нікола Пашыньяна. Другі прэзыдэнт Армэніі знаходзіцца пад арыштам з 25 чэрвеня мінулага году. Сёлета ў траўні яму зрабілі апэрацыю. Рашэньнем суду яму дазволілі да канца пандэміі каранавірусу заставацца ў мэдычным цэнтры.
- У Армэніі прыняты закон аб недатыкальнасьці былога прэзыдэнта, і паплечнікі Качар'яна мяркуюць, што дзейныя ўлады парушылі гэты закон, арыштаваўшы экс-прэзыдэнта.
Кіргізстан: турэмныя тэрміны супраць былых прэзыдэнтаў
Першы прэзыдэнт Аскар Акаеў у 2005 годзе ў выніку «тульпанавай рэвалюцыі» склаў зь сябе паўнамоцтвы і ўцёк у Расею. Акаеў фармальна ня быў абвінавачаным, але ён не наведвае Кіргізстан, баючыся стаць фігурантам адной з крымінальных справаў супраць яго сваякоў і былых паплечнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аскар Акаеў: У Лукашэнкі і Бакіева аднолькавае стаўленьне да ўлады
Крымінальная справа супраць зрынутага прэзыдэнта Курманбека Бакіева была заведзена пасьля яго ўцёкаў з Кіргізстану ў Беларусь. Бакіеў завочна прызнаны вінаватым у саўдзеле ў арганізацыі масавага забойства 7 красавіку 2010 году. У 2016 годзе суд у Кіргізстане зьмяніў яму ранейшы прысуд (пажыцьцёвае пазбаўленьне волі) на 30-гадовы турэмны тэрмін. Кіргізстан дамагаецца ад Беларусі выдачы Бакіева на працягу апошніх 10 гадоў, беларускі бок адмаўляе ў выдачы з прычыны пагрозы палітычнага перасьледу на радзіме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты яшчэ жывы? Камароў ня дужа баісься? Калі не, прыяжджай». Як запрашалі ў Беларусь экс-прэзыдэнта КіргізстануАлмазьбек Атамбаеў стаў першым прэзыдэнтам краіны, які добраахвотна пакінуў пасаду пасьля першага тэрміну, а ня быў зрынуты ў выніку рэвалюцыі. Атамбаеў таксама стаў першым кіргіскім лідэрам, які апынуўся ў зьняволеньні. Атамбаева арыштавалі ў пачатку жніўня 2019 году. Ён праходзіў сьведкам у справе аб карупцыі, аднак адмаўляўся ісьці на допыт. Супрацьстаяньне зь сілавікамі скончылася штурмам дома Атамбаева, у якім загінуў афіцэр спэцназу. У выніку экс-кіраўніку краіны выставілі абвінавачваньні ў забойстве, ужываньні гвалту супраць прадстаўніка ўлады і арганізацыі масавых беспарадкаў. Атамбаеў лічыць абвінавачаньні палітычна матываванымі.
- У Кіргізстане ў адпаведнасьці з законам аб гарантыях дзейнасьці прэзыдэнта і статусе экс-прэзыдэнта былы кіраўнік дзяржавы мае недатыкальнасьць і ня можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці за дзеяньні або бязьдзейнасьць у пэрыяд прэзыдэнцкага тэрміну. Ён можа быць прыцягнуты да суду толькі пасьля пазбаўленьня прывілеяў, прадугледжаных статусам экс-прэзыдэнта.
А што ў іншых краінах. Сьцісла
- У Расеі сёлета ў законапраект аб унясеньні зьменаў у Канстытуцыю РФ прапанавалі папраўку, згодна зь якой прэзыдэнт, які спыніў выкананьне паўнамоцтваў, мае недатыкальнасьць. Супраць былых прэзыдэнтаў Расеі і раней не пачыналі крымінальнага перасьледу. Былі спробы завесьці крымінальную справу супраць былога прэзыдэнта Міхаіла Гарбачова за развал СССР, але яна нічым ня скончылася.
- У Казахстане ў 2000 годзе быў прыняты закон аб першым прэзыдэнце (Нурсултан Назарбаеў, прэзыдэнт у 1990-2019 гадах), у адпаведнасьці зь якім пасьля адстаўкі першы прэзыдэнт ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці "за дзеяньні, учыненыя ў пэрыяд выкананьня ім паўнамоцтваў прэзыдэнта".
- У Туркмэністане паводле заканадаўства, былы кіраўнік ня можа быць прыцягнуты да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасьці "за дзеяньні, праведзеныя ім у пэрыяд выкананьня паўнамоцтваў прэзыдэнта".
- Ва Ўзбэкістане былы кіраўнік дзяржавы мае недатыкальнасьць на працягу ўсяго жыцьця. Ён ня можа быць прыцягнуты да крымінальнай ці іншай адказнасьці за дзеяньні, зьвязаныя з выкананьнем iм паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы.
- У Беларусі няма закону, якія прадугледжвае прававы статус і гарантыі для былога прэзыдэнта і яго сям'і. Як пакуль няма і былога прэзыдэнта.
-