Ці павялічваюць рызыку захварэць на каранавірус тысячныя чэргі на перадвыбарчых пікетах у Менску і іншых гарадах краіны? Сытуацыю на просьбу Свабоды камэнтуе кандыдат мэдычных навук, былая загадчыца катэдры дзіцячых інфэкцыйных хваробаў Менскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Іна Германенка.
Сьцісла
- На сьвежым паветры рызыка заражэньня значна меншая, чым пры паездцы ў грамадзкім транспарце ці пры непасрэдным кантакце бяз сродкаў засьцярогі.
- Аднак рызыка існуе: людзі павінны трымаць дыстанцыю і надзяваць маскі, калі яны размаўляюць паміж сабой.
- Калі зьбіральнік подпісаў у пальчатках і масцы, то небясьпека вельмі малая.
- Аднак трэба заўсёды апрацоўваць рукі дэзынфэкцыйнымі сродкамі або мыць іх з мылам, а да таго — не дакранацца да твару, ня церці вачэй і г. д.
Якая рызыка ў чарзе падпісацца
— Як бы вы ацанілі рызыку заражэньня ў гіганцкіх чэргах да пікетаў незалежных прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, якія мы назіралі ў мінулыя выходныя? Чым яна адрозьніваецца, напрыклад, ад паездкі ў грамадзкім транспарце? Усё ж прынамсі 10–20% людзей у чэргах ня маюць на тварах маскі, адлегласьць у два мэтры не захоўваецца.
— Я лічу, што на сьвежым паветры рызыка заражэньня значна меншая, чым пры паездцы ў грамадзкім транспарце ці пры непасрэдным кантакце бяз сродкаў засьцярогі.
Асноўная праблема і асноўная рызыка для заражэньня каранавірусам — калі ўзьнікае аэразоль з найдрабнейшых кропелек сьліны і трапляе на рызыкоўныя месцы. Гэта сьлізістая абалонка носа, горла і вачэй.
Цяпер мэдыкі ўжо ведаюць, што найбольш рызыкоўна блізка кантактаваць з хворым чалавекам — на адлегласьці менш як паўтара-два мэтры. І вось якраз у транспарце гэты аэразоль можа захоўвацца значна даўжэй, чым на адкрытым паветры. Даказана, што ў закрытым памяшканьні аэразоль можа заставацца ў паветры прынамсі 30 хвілін. А вось на вуліцы ён так доўга ў паветры не трымаецца — там вецер, рух людзей і машын.
Так што стаяць у чэргах на адкрытым паветры — гэта значна меншая рызыка, чым ехаць у грамадзкім транспарце або, напрыклад, знаходзіцца ў краме.
Зь іншага боку, калі людзі ў чарзе да перадвыбарчага пікету стаяць побач адзін з адным і размаўляюць паміж сабой бяз сродкаў засьцярогі, то рызыка заражэньня існуе. Бо гэта дастаткова блізкі кантакт. Людзі павінны трымаць дыстанцыю і надзяваць маскі, калі яны размаўляюць паміж сабой.
Калі ж гаварыць пра кантактную перадачу вірусу праз рукі — калі чалавек бярэцца за ручку дзьвярэй ці за іншыя прадметы, да якіх мог дакрануцца хворы чалавек, то тут, натуральна, рызыка існуе. Трэба заўсёды апрацоўваць рукі дэзынфэкцыйнымі сродкамі або мыць іх з мылам, а да таго — не дакранацца да твару, ня церці вачэй і г. д.
Афармленьне подпісу
— Чарга — гэта адна гісторыя, а афармленьне подпісу за таго або іншага кандыдата — іншая. Тыя, хто стаіць у чэргах, падыходзяць да сталоў, падаюць свой пашпарт, бяруць асадку і падпісваюць падпісныя лісты. Перапісчыкі сядзяць у масках і пальчатках, але вочы іх не абароненыя. За дзень зьбіральнікі подпісаў могуць патрымаць у сваіх руках некалькі сотняў пашпартоў, уладальнікі якіх могуць аказацца хворымі ці інфікаванымі. Наколькі тут вялікая рызыка перадачы вірусу здаровым удзельнікам перадвыбарчага працэсу?
— Я думаю, што для зьбіральніка подпісаў гэтая сытуацыя ніякай небясьпекі не нясе. Калі ён у пальчатках і масцы, то небясьпека вельмі і вельмі малая.
Толькі калі ён сваімі рукамі ў пальчатках пачне церці вочы ці нос або возьме і зьесьць яблык, тады зьяўляецца рэальная пагроза заражэньня.
— А для чалавека, які ўзяў асадку, каб падпісацца за таго або іншага кандыдата?
— Большасьць асадак вырабленыя з плястыку. Мы ведаем, што на плястыку вірус трымаецца даўжэй, чым, напрыклад, на паперы. Але гэтае пытаньне вельмі дыскусійнае. Нават калі сухія часьцінкі вірусу трапляюць на асадку, то і тут рызыка настолькі мінімальная, што ня мае прынцыповага значэньня для наступнага чалавека.
Бо, паўтараю, самая важная крыніца заразы — аэразоль, а самае небясьпечнае месца заражэньня — закрытыя памяшканьні. Да таго ж яшчэ патрэбныя і спрыяльныя ўмовы для вірусу — вільготнасьць, тэмпэратура і г. д.
Усе астатнія выпадкі — даволі адносная рызыка. Галоўнае — непасрэдны кантакт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры гадзіны ў чарзе, каб аддаць подпіс. Пікеты і затрыманьні 31 траўня. Сьцісла пра галоўнае. ФОТА і ВІДЭА— Ці трэба зьбіральнікам подпісаў засьцерагаць вочы?
— Так, лепш гэта рабіць, напрыклад, надзець акуляры. Бо калі нехта хворы будзе размаўляць на вельмі блізкай адлегласьці і аэразольныя кроплі трапяць у вочы, тады рызыка існуе.
Але, у прынцыпе, і яна ня надта вялікая. Усё ж крамы, грамадзкі транспарт, працоўныя памяшканьні — значна больш небясьпечныя месцы.
Я, напрыклад, ня чула, каб у Беларусі людзі ў офісах выконвалі элемэнтарныя гігіенічныя правілы падчас эпідэміі, напрыклад, праціралі свой працоўны стол антысэптыкам. Вось гэта больш небясьпечна, чым збор подпісаў на сьвежым паветры — і для людзей, і для перапісчыкаў.
— Але вы ўсё ж сказалі, што на асадках ці на перададзеных перапісчыку пашпартах могуць застацца сухія часьцінкі вірусу.
— Так, могуць. Але для мінімізацыі рызыкі дастаткова апрацаваць рукі антысэптыкам ці памыць іх з мылам.
А вось калі чалавек пакінуў свой подпіс, не памыў рукі, пайшоў на Камароўскі рынак, пачаў каштаваць яблыкі ці вяндліну, дык тут рызыка будзе троху большая. Але зноў жа — гэта вельмі дыскусійнае пытаньне, дзе вірус застаецца даўжэй, на ручках ці на яблыках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля тысячы чалавек сабраліся ля пікетаў у цэнтры Гомля. ФОТА— Значыцца, ваша рэкамэндацыя — часьцей мыць рукі, у тым ліку і пасьля стаяньня ў чарзе да перадвыбарчага пікету?
— Так, абсалютна дакладна. Мыць рукі з мылам цалкам дастаткова. Галоўнае, трэба памятаць, што цяпер у любым грамадзкім месцы нельга дакранацца да твару. Нават калі вам вельмі сьвярбіць у носе, ня трэба да яго дакранацца, калі чэшацца вока — ня трэба да яго дакранацца. Лепш перацярпець.
І трэба зьменшыць знаходжаньне ў грамадзкіх месцах. Знаходзіцца на вуліцы, на сьвежым паветры — вельмі карысна і бясьпечна. Але трэба пазьбягаць натоўпаў людзей у гандлёвых цэнтрах і іншых закрытых памяшканьнях, такіх як, напрыклад, той жа крыты Камароўскі рынак.
На адкрытым жа паветры асаблівай рызыкі няма. Мы, наадварот, заклікаем людзей больш бываць на сьвежым паветры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве сотні ахвотных падпісацца да Ціханоўскую. Фота
Падчас затрыманьняў рызыка заражэньня павялічваецца і для міліцыянтаў, і для пікетоўцаў
— Пачатак выбарчай кампаніі паказаў, што маюць месца і больш шчыльныя кантакты паміж людзьмі. Я маю на ўвазе затрыманьні ўдзельнікаў пікетаў, падчас якіх адбываюцца сутыкненьні і вельмі блізкі фізычны кантакт паміж пікетоўцамі і супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Міліцыянты рызыкуюць заразіцца?
— Натуральна. Бо гэта адбываецца ў эмацыйнай абстаноўцы, людзі больш эмацыйна і гучна размаўляюць, крычаць. І калі чалавек ужо мае ў сабе вірус, то ён яго больш актыўна перадае тым, хто знаходзіцца зь ім побач, у фізычным кантакце. Тут рызыка вельмі вялікая. Можна сказаць, што затрыманьні адбываюцца ў воблаку аэразолю, і некаторыя кропелькі могуць несьці ў сабе вірус.
Мала таго. Калі заражаны чалавек будзе затрыманы і зьмешчаны ў закрытае памяшканьне, дзе наўрад ці выконваюцца правілы гігіены, то рызыка хуткай перадачы вірусу вельмі павялічваецца. У тым ліку і для пэрсаналу такіх установаў.
На сёньняшні дзень у сьвеце шмат абмяркоўваецца праблема перадачы вірусу ў месцах зьняволеньня, напрыклад, у Злучаных Штатах. У турмах распаўсюджваньне вірусу адбываецца лявінападобна.
У такі час лепш людзям не абмяжоўваць свабоду, хай яны будуць пад кантролем, але жывуць у звычайным асяродзьдзі.
Рызыку і сур’ёзнасьць каранавірусу нельга недаацэньваць. Гэта вельмі цяжкая інфэкцыя.
* * *
Іна Германенка — інфэкцыяніст, аўтарка пяці кніг, займалася вывучэньнем вірусаў герпэсу і ВІЧ, пастаянная ўдзельніца міжнародных канфэрэнцый. Працавала загадчыцай катэдры інфэкцыйных хваробаў пэдыятрычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту і прарэктарам па лячэбнай працы гэтай ВНУ. Кандыдат мэдычных навук, дацэнт. Сем гадоў назад у сувязі зь сямейнымі абставінамі пераехала на сталае жыхарства ў Швэцыю. Працуе старшым лекарам дзіцячага аддзяленьня бальніцы гораду Трэлеборг.