Нараджэнец Пінску, які працуе ў Менску кухарам, 22-гадовы Ягор Пузынін расказаў Tut.by, што яго памылкова пазналі як аднаго з удзельнікаў затрыманьняў на пікеце Сяргея Ціханоўскага ў Горадні.
Паводле Пузыніна, у адным з Telegram-каналаў зьявіліся зьвесткі пра тое, што ён быў адным зь міліцыянтаў у цывільным адзеньні. Пасьля ягоныя сацсеткі завалілі абразамі і пагрозамі, «за дзесяць хвілін прыйшло звыш ста паведамленьняў». Акрамя яго, сьцьвярджае Пузыкін, пісалі і ягоным знаёмым, яго маці.
Яшчэ 30 траўня ён разам з маці падаў заяву ў міліцыю — кажа, «справай заняўся СК», распачаў крымінальную справу.
Такая ж куртка і падобны гадзіньнік
Мужчына сьцьвярджае, што звольніўся зь міліцыі яшчэ летам 2019 году, а ў лютым 2020-га пераехаў у Менск, і вечарам 29 траўня (падчас затрыманьняў на пікеце ў Горадні) быў зь сям’ёй дома і «не зразумеў, што адбываецца». У сеціве знайшлі ягонае фота 2019 году, на якім ён носіць такую ж куртку і падобны гадзіньнік да таго, што насіў адзін з удзельнікаў затрыманьняў. На кадрах з затрыманьняў падобны «чалавек у цывільным» носіць маску і панаму, твар не разабраць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія праваабаронцы абвясьцілі Сяргея Ціханоўскага палітычным зьняволенымПузыкін расказвае, што зьяўляецца прафэсійным спартоўцам, зь дзяцінства займаўся барацьбой, трэнэр паводле адукацыі. Служыў у войску, пасьля працаваў у Дэпартамэнце аховы Міністэрства ўнутраных справаў у Пінску, але пасьля пераезду ў Менск стаў працаваць кухарам у страўні, дзе робяць шаўрму. У Горадні ён апошні раз быў 6 ці 7 гадоў таму, дадае Пузыкін.
Ён таксама расказвае, што пасьля таго, як падаў заяву ў міліцыю, зьвязаўся з аўтарам Telegram-каналу, дзе яго «пазналі», і напісаў у чаце каналу, прадставіў зьвесткі пра лякацыю свайго тэлефону ў момант затрыманьняў. Яму паверылі ня ўсе.
Пра Ціханоўскага ня чуў
Паводле Пузыкіна, хтосьці ў чаце казаў яму: «Мы паверым табе толькі калі пойдзеш і прагаласуеш за Ціханоўскага», а пра Ціханоскага ён ня чуў, бо «яго не цікавіць палітыка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я не чакаў, што людзі павераць». Сяргей Ціханоўскі пра жонку, апазыцыю і пляны на 9 жніўняГаласаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году яшчэ не пачалося, цяпер ідзе збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў. Сяргей Ціханоўскі хацеў зьбіраць подпісы і стаць «кандыдатам пратэсту», але ягоную групу не зарэгістравалі праз адсутнасьць аднаго з подпісаў — самаго Ціханоўскага на той момант затрымалі, доўгі час не пускалі да яго адваката. У выніку зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай — цяпер подпісы зьбіраюць за вылучэньне яе.
Хто такія «людзі ў цывільным»
Беларускія законы не абавязваюць праваахоўнікаў насіць форму падчас масавых акцыяў або падчас затрыманьняў. Нярэдка затрыманьні палітыкаў і актывістаў праводзяць людзі ў звычайным (цывільным) адзеньні.
Пры тым часта «людзі ў цывільным» не прадстаўляюць дакумэнтаў, не называюць падставаў затрыманьняў, кідаюць затрыманых у машыны без нумароў — усё выглядае як крымінальнае выкраданьне. Ці ўсе яны працуюць у праваахоўных органах і маюць права на такія дзеяньні, невядома. Да таго ж, праваахоўнікі пасьля не паведамляюць родзічам лёс затрыманых — нярэдка родзічы пішуць заявы пра выкраданьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што рабіць, калі на вас нападаюць «людзі ў цывільным»?Былы міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч адмаўляўся спыніць такія затрыманьні, пры ім «людзі ў цывільным» выкарыстоўваліся толькі часьцей, актывісты сталі нават называць іх «шуняўкамі» па прозьвішчы міністра. Новы міністар унутраных справаў Юры Караеў, прызначаны летам 2019-га, пакуль не камэнтаваў дзеяньні «людзей у цывільным».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.