Марына В. працуе загадчыцай аддзелу ў адной зь дзяржаўных навуковых устаноў Менску. У канцы сакавіка — пачатку красавіка яна тры тыдні хварэла на цяжкую пнэўманію, дагэтуль ня можа выйсьці на працу з прычыны дрэннага стану здароўя і задышкі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
За час хваробы Марына так і не дамаглася ад лекараў раённай паліклінікі накіраваньня на кампутарную тамаграфію і аналіз на COVID-19.
Марына ўпэўненая, што перахварэла на каранавірусную пнэўманію, але даказаць гэта ня можа, бо ёй так і не зрабілі адпаведны аналіз. Яна кажа, што з такой праблемай сутыкнуліся многія людзі ў Менску, і ў прыклад прыводзіць сваю суседку па пад’езьдзе.
8 сакавіка 2020 году ў Марыны захварэў малодшы сын, якому чатыры гады. Яму паставілі дыягназ «пнэўманія», выпісалі антыбіётык і далі Марыне бальнічны.
Пачатак хваробы
22 сакавіка ў Марыны ў самой забалела горла. 23 сакавіка паднялася тэмпэратура, таму яна ня выйшла на працу і выклікала лекара на дом:
«Паласканьні дапамагалі толькі часова. Выклік доктара на дом прынялі адразу, не пыталіся пра наяўнасьць тэмпэратуры, якая для мяне рэдкасьць. Лекарка прыйшла і адразу выдала бальнічны да пятніцы, 27 сакавіка. Паслухаўшы мяне, лекарка сказала пра падазрэньне на двухбаковую пнэўманію. Асаблівы непакой у яе выклікала правае лёгкае. Яна дала накіраваньне на флюараграфію і выпісала антыбіётык цыпрафлёксацын па 500 мг два разы на дзень, сыроп ад кашлю, сказала паласкаць горла і рабіць інгаляцыі пры адсутнасьці тэмпэратуры з «Пульмавэнтам комбі».
Назаўтра, 24 сакавіка, Марыне ў паліклініцы зрабілі флюараграфію, сказалі, што ў яе ўсё нармальна, запаленьня няма, і адправілі дадому лячыцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 80% заражаных каранавірусам маюць «ціхую інфэкцыю» і адчуваюць сябе здаровымі — навукоўцы
25 сакавіка ў Марыны зьявіліся першыя праблемы з дыханьнем, горла па-ранейшаму балела. 26 сакавіка яна здала ў паліклініцы аналіз крыві, усё аказалася ў парадку, апрача высокага ўзроўню трамбацытаў.
Тым часам у Марыны захварэлі муж і сярэдні сын. 27 сакавіка ў пятніцу з раніцы яна пайшла ў паліклініку працягваць бальнічны. Участковая лекарка хварэла, таму Марына трапіла да іншага тэрапэўта, які тую замяшчаў.
«Гэты доктар сказаў, што маё горла зусім дрэннае, што ў мяне і дыханьне дрэннае. На ягоную думку, у мяне „нешта з альвэоламі, вылечыцца будзе цяжэй, чым ад пнэўманіі“. І дадаў: „Будзем лячыцца доўга“, і адправіў мяне дадому».
Тры дні паміж небам і зямлёй
Другую палову пятніцы, а таксама ў суботу і нядзелю Марына была паміж небам і зямлёй, яна задыхалася і дрэнна памятае тыя дні. Хворы муж даглядаў хворага сына, і Марына фактычна адна балянсавала на мяжы сьвядомасьці. Але ў панядзелак, 30 сакавіка, ёй палягчэла.
У аўторак яна зноў пайшла на прыём да лекара ў сваю паліклініку.
«Мяне прыняла ўжо мая ўчастковая, якая выйшла з бальнічнага. На прыёме тэмпэратура ў мяне была 37,3. Лекарка замяніла курс антыбіётыкаў — замест цыпрафлёксацыну выпісала мэгасэф. Але яны з адной групы, як я даведалася пазьней. Выпісала мне таксама балёнчык Berotec, які прымяняецца пры астме. Я і цяпер толькі зь ім магу выходзіць на вуліцу. Лекарка трымалася ад мяне далей, часта мыла рукі. Калі я зьняла пальчаткі, каб замяніць іх, накрычала на мяне. Але тэст на COVID-19 не прызначыла».
У сераду, 1 красавіка, у Марыны зьявіўся насмарк, пачала моцна балець галава, забалеў жывот.
«Але ў чацьвер мой стан палепшыўся. Такія „арэлі“, лепш — горш, сталі адметнай асаблівасьцю маёй хваробы. Былі дні паляпшэньняў, здавалася, іду на папраўку, але яны зноў зьмяняліся днямі „жэсьці“ зь цяжкім дыханьнем, блытанай сьвядомасьцю, галавакружэньнем і агульнай млявасьцю».
У пятніцу 3 красавіка Марына раніцай паводле накіраваньня ўчастковай лекаркі здала ў паліклініцы аналізы, а вечарам прыйшла на прыём і расказала пра свае «арэлі». Лекарка зьмерала тэмпэратуру (37.2), сказала, што вынік аналізаў яшчэ не прыйшоў, горла не паглядзела і закрыла бальнічны, сказаўшы выходзіць на працу.
За выхадныя стан Марыны не палепшыўся, затое ёй даслалі вынікі аналізаў. Узровень трамбацытаў стаў яшчэ большы, а СОЭ (паказьнік запаленьня ў арганізьме) дасягнуў 25 пры норме да 15. «І гэта пасьля двух курсаў антыбіётыкаў на працягу двух тыдняў», — з сумам кажа Марына.
Накіраваньне ў шпіталь і парады мэдыкаў уцякаць адтуль
У панядзелак 6 красавіка яна зноў выклікала лекара на дом.
«Прыйшла маладая дзяўчына, памочніца лекара. Праслухаўшы мяне, яна зноў западозрыла пнэўманію. Напісала накіраваньне ў лякарню, пры мне абтэлефанавала шпіталі, каб даведацца, дзе менш людзей, куды зручней мяне адправіць. Ёй прапанавалі 2-ю бальніцу, куды я і паехала сваім ходам. Брыгаду і машыну мне прыслаць не маглі, бо ў мяне не было аналізу на COVID-19 і я не была кантактам «першага ўзроўню». У прыёмным пакоі 2-й менскай лякарні я чакала некалькі гадзін. У суседнім пакоі пачаў задыхацца пажылы мужчына, яго дачка ўчыніла скандал, усе лекары пабеглі туды. Я пачала сумнявацца, ці трэба мне класьціся ў лякарню, калі тут такія парадкі. Калі я выказала гэтыя сумненьні супрацоўнікам прыёмнага пакою, яны мяне падтрымалі, сказаўшы: „Уцякайце адсюль, тут адны „кавідныя““. І я вярнулася дадому».
Але па дарозе дадому Марыне зноў зрабілася дрэнна і яна засумнявалася, ці правільна зрабіла. Таму, прыехаўшы ў сваю кватэру, зноў выклікала лекара дадому.
«Прыйшла яшчэ адна памочніца лекара. Яна была вельмі незадаволеная, што я пайшла зь лякарні, сказала, што выкліча брыгаду і мяне забяруць. А пасьля яна зрабіла шэраг тэлефонных званкоў, апісала сытуацыю, і ёй парэкамэндавалі выпісаць мне бальнічны і пакінуць дома. Яна дала мне бальнічны да чацьвярга».
Другая флюараграфія зь «вельмі дорым» вынікам
У аўторак 7 красавіка Марыне дадому пазваніў лекар, які першы замяняў яе ўчастковага тэрапэўта. Марына расказала яму пра «арэлі», пра кашаль, галавакружэньне, болі ў горле і вачах.
9 красавіка, у чацьвер, Марына накіравалася ў паліклініку працягваць бальнічны і адразу пайшла да таго лекара, які ёй званіў і першы пачуў у яе запаленьне лёгкіх.
«Я паказала яму вынікі аналізаў, якія толькі пагоршыліся. Ён панаракаў, што мне быў патрэбны курс антыбіётыкаў іншай групы, а ня той жа, што мне далі. Сказаў, што вялікі непакой выклікаюць мае лёгкія, і зноў накіраваў на флюараграфію, прычым сказаў гэта зрабіць проста падчас прыёму, а ён будзе чакаць вынікаў. Мае довады, што флюараграфія можа аказацца неэфэктыўнай, не дапамаглі. Лекар сказаў, што ў іх у паліклініцы вельмі добры апарат. Я схадзіла і зрабіла, вынік — вельмі добры, ніякай пнэўманіі. Бальнічны працягнулі да 13 красавіка ўключна».
Трэцяя флюараграфія і закрыцьцё «бальнічнага» хворай з тэмпэратурай
У панядзелак 13 красавіка Марына прыйшла да таго самага лекара, але яго ўжо не было — захварэў. Яна трапіла на прыём да незнаёмай лекаркі, якая лячэньне пакінула ранейшым і накіравала Марыну чарговым разам на аналіз крыві.
«Празь дзень з вынікамі аналізу я была зноў у яе на прыёме. Дрэнныя былі ўжо чатыры паказьнікі: шматпакутны аб’ём трамбацытаў, СОЭ (21), шырыня разьмеркаваньня эрытрацытаў і манацыты. Тэмпэратура на прыёме была 37,2. Гэта ўжо ішоў чацьвёрты тыдзень хваробы з такой тэмпэратурай. Лекарка мяне ўважліва паслухала і зноў «выслухала» пнэўманію. І... накіравала мяне на флюараграфію. Я запратэставала і пачала настойваць, каб мне далі накіраваньне на платную кампутарную тамаграфію або хаця б на рэнтген. «Вы яшчэ маладая, навошта вам такое апраменьваньне?» — адказала мне лекарка. Таксама яна заявіла: «Ніхто цяпер вам КТ ня зробіць нават платна».
Марына зрабіла флюараграфію трэці раз і разам зь лекаркай у яе кабінэце чакала выніку. Неўзабаве вынік прыйшоў ва ўнутраны лекарскі чат.
«Лекарка паглядзела, сказала: «У вас усё добра», і з тымі маімі дрэннымі вынікамі аналізаў і тэмпэратурай выпісала рэцэпт на гліцын, бо «тэмпэратура цяпер у нас ва ўсіх — гэта псыхасаматыка», закрыла бальнічны і адправіла мяне на працу са словамі: «Не забудзьцеся: дыстанцыя, маска, пальчаткі».
Усе гэтыя паходы ў паліклініку і ў 2-гі менскі шпіталь Марына рабіла сваім ходам і на грамадзкім транспарце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі сымптомаў няма, выпісваем». Людзей са станоўчымі тэстамі на COVID-19 выпісваюць са шпіталяўДалечваньне ў адпачынку за свой кошт
Пасьля закрыцьця бюлетэня Марына ўзяла адпачынак за свой кошт. Кажа, што адчувае сябе лепш, але ня так, як раней, да хваробы. Няма пакуль і думкі, каб аднавіць ранейшыя рэгулярныя прабежкі. У адпачынку яна дагэтуль.
«Час ад часу даводзіцца выкарыстоўваць балёнчык, бо я часам задыхаюся. Спадзяюся ўсё ж узяць накіраваньне на КТ, каб зрабіць яго платна, і атрымаць накіраваньне на аналіз крыві на антыцелы таксама на платнай аснове. Дагэтуль не магу зразумець, чаму мне адмовілі ў накіраваньні на КТ, зрабіўшы замест яе тры разы флюараграфію, якая, як вядома, „кавіднага“ запаленьня лёгкіх не паказвае. У тэсьце на каранавірус мне адмовілі з тае прычыны, што я не была кантактам першага ўзроўню. На гэтай жа падставе адмовілі многім маім знаёмым, якія таксама перахварэлі дома і дагэтуль разграбаюць наступствы хваробы, якую, як і я, успамінаюць з жахам».
Другі сын Марыны і муж ужо выздаравелі, але муж таксама яшчэ адчувае наступствы хваробы. Па доўгіх развагах яна зразумела: у тым, што зь ёй здарылася, няма канкрэтных вінаватых. На яе думку, вінаватая сыстэма аховы здароўя, якая аказалася непадрыхтаванай да эпідэміі.
«У сына мазок на каранавірус ня бралі, гэта быў яшчэ самы пачатак сакавіка. Я не была ў Італіі і не была „кантактам першага ўзроўню“. Лекары працуюць паводле паперак. У паперцы не напісана пра кантакт, значыцца трэба ставіцца як да „некавіднага“. Сыстэма спрыяла таму, што мэдыкі і пацыенты перазаражалі адзін аднаго. Таму і я, цяжка хворая, бегала празь дзень у паліклініку, езьдзіла ў шпіталь. Баюся нават уявіць, колькіх людзей я магла заразіць. Хаця я заўсёды была ў масцы і ў пальчатках».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўнікі «хуткай» з Калінкавічаў: «Мы, заражаныя каранавірусам, месяц вазілі людзей!»
Падчас хваробы Марына рабіла кароткія нататкі, каб зафіксаваць дэталі лячэньня і свайго стану на выпадак рэзкага пагаршэньня, калі б яна не змагла сама пра гэта расказаць лекарам. Яе сапраўднае імя, месца працы, асабістыя нататкі разам са здымкамі вынікаў аналізаў, «бальнічных» лістоў, выпісаных рэцэптаў і купленых паводле іх лекаў знаходзяцца ў рэдакцыі Свабоды.