Вітольд Ашурак выступаў супраць пабудовы новага цэху шклаваты ў мястэчку Бярозаўка Лідзкага раёну.
Жыхара Лідчыны Вітольда Ашурка аштрафавалі на 945 рублёў за ягоны пратэст супраць новага цэху шклаваты ў Бярозаўцы Лідзкага раёну Горадзенскай вобласьці. Пра гэта паведамляе рух «За свабоду».
Суд Лідзкага раёну вынес рашэньне 1 чэрвеня. Ён прызнаў Ашурка вінаватым у парушэньні парадку правядзеньня масавага мерапрыемства (ч. 3 арт. 23.34 КаАП Беларусі).
Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», Вітольд Ашурак выйшаў на адзіночны пікет у Бярозаўцы 26 красавіка. У руках ён трымаў плякат з надпісам «Шклавата — наш Чарнобыль».
«Гэта ня спыніць пратэстаў супраць экалягічна шкоднай вытворчасьці», — сказаў пасьля выраку Вітольд Ашурак.