Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны разам зь іншымі ведамствамі, у тым ліку Міністэрствам замежных спраў, разглядае пытаньне аб спыненьні паставак беларускай электраэнэргіі да сьнежня 2021 году — пакуль пастаўкі спыненыя да канца 2020-га. Украіна патрабуе роўнага доступу на энэргарынак Беларусі.
Як паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе міністэрства, такое рашэньне ўхвалена Антыкрызісным энэргетычным штабам на чале з прэм’ер-міністрам Дзянісам Шмыгалем.
Адной з умоў аднаўленьня паставак беларускай электраэнэргіі назвалі атрыманьне парытэтнага доступу ўкраінскай электрычнай энэргіі на рынак Беларусі.
«Канчатковае рашэньне (аб адмове ад беларускай электрыкі. — РС) пакуль не ўхвалена», — адзначылі ў прэс-службе Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна адкрывае межы з Эўразьвязам і Малдовай. Зь Беларусьсю і Расеяй — неНезадоўга да гэтага выканаўца абавязкаў міністра энэргетыкі Ўкраіны Вольга Буславец заявіла, што імпарт электраэнэргіі зь Беларусі і Расеі нэгатыўна адбіўся на ўкраінскім рынку электраэнэргіі, у прыватнасьці на дзейнасьці атамных і вугальных электрастанцый.
«Я не разумею, як у сытуацыі, калі краіна мае свой уласны прафіцыт электраэнэргіі, можна дазволіць браць гэтую электраэнэргію і плаціць грошы суседзям, а сваю генэрацыю абмяжоўваць. Я лічу гэта недапушчальным», — заявіла кіраўніца Міністэрства энэргетыкі.
Паводле Вольгі Буславец, ва ўмовах скарачэньня спажываньня электраэнэргіі Ўкраіна выдаткавала 5 мільярдаў грыўняў (прыкладна 200 мільёнаў даляраў у эквіваленце) на набыцьцё замежнай электраэнэргіі, якую маглі выпрацаваць на ўласных магутнасьцях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна мусіць мець агульную з Эўразьвязам пазыцыю па атамнай энэргіі зь Беларусі, — экс-кіраўнік украінскага МЗССпачатку Ўкраіна адмовілася ад беларускай і расейскай электраэнэргіі на час карантыну, а ўжо ў канцы красавіка Міністэрства энэргетыкі і аховы навакольля Ўкраіны перагледзела прагнозны балянс электраэнэргіі на 2020 год, цалкам адмовіўшыся ад паставак зь Беларусі і Расеі. Агульны аб’ём паставак электраэнэргіі зь Беларусі ў 2020 годзе заплянаваны на ўзроўні 150 мільёнаў кіляват-гадзін. Гэты аб’ем быў вычарпаны цягам студзеня, лютага і красавіка.
Летась, пасьля адкрыцьця энэргетычнага рынку Ўкраіны, Беларусь пэўны час была лідэрам у аб’ёмах паставак, а ў канцы 2019 году стала вядома, што ў 2020 годзе Ўкраіна плянавала закупіць 2,1 мільярда кіляват-гадзін беларускай электраэнэргіі — гэта амаль траціна ад заплянаванага на сёлета аб’ёму вытворчасьці электраэнэргіі БелАЭС.
Але пазьней Украіна адмовілася ад паставак беларускай электраэнэргіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БелАЭС страціла патэнцыйнага пакупніка: Украіна адмовілася ад электраэнэргіі зь Беларусі