За мяжой беднасьці ў І квартале 2020 году знаходзілася 4,7% насельніцтва — іхныя сярэднедушавыя наяўныя рэсурсы недацягвалі да бюджэту пражытковага мінімуму (239,87 рубля на той момант). Tut.by перадае зьвесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэту па тым, як паказьнік малазабясьпечанасьці адрозьніваецца па рэгіёнах.
Найбольшы ўзровень малазабясьпечанасьці ў Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях — 6,7% і 6,6% адпаведна, а найменшы — у Менску (0,9%).
У лічбавым вымярэньні, калі браць зьвесткі перапісу насельніцтва за 2019 год, у Берасьцейскай вобласьці за мяжой беднасьці было каля 90,3 тысячы чалавек, у Гомельскай — каля 91,6 тысячы, а ў сталіцы — каля 18,2 тысячы.
Для параўнаньня: у Віцебскай вобласьці ўзровень малазабясьпечанасьці — 6,5% (каля 73,8 тысячы чалавек), у Магілёўскай — 6,4% (парадку 65,6 тысячы), Менскай — 3,7% (каля 54,4 тысячы) , а ў Горадзенскай — 3,5% (прыблізна 35,9 тысячы).
Сярэднедушавы рэсурс (даход) — агульны аб'ём даходаў, падзелены на колькасьць насельніцтва. Пры разьліку даходаў на душу насельніцтва ўлічваюцца ўсе грамадзяне, у тым ліку беспрацоўныя, пэнсіянэры, непаўналетнія. Сярэднедушавыя даходы трэба адрозьніваць ад сярэдніх заробкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белстат падлічыў, колькі беларусаў жывуць за мяжой беднасьці, а колькі маюць звыш 500 даляраў даходу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярэдняя беларуская сям’я жыве на 1400 рублёў у месяц ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У айцішнікаў больш за 5000 рублёў, у сфэры культуры — меней за 700. Якія заробкі маюць беларусы