Днём 31 траўня ў шматлікіх гарадах Беларусі выстраіліся чэргі да пікетаў для збору подпісаў за патэнцыйных альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты. Свабода сем гадзінаў вяла жывую трансьляцыю зь Менска і Берасьця. Што важна ведаць, сьцісла:
- Ад 21 траўня да 19 чэрвеня ў Беларусі адбываецца збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты. Цяпер патэнцыйных кандыдатаў 14, у іх ліку Аляксандар Лукашэнка, які кіруе дзяржавай больш за 25 гадоў. Некаторыя з прэтэндэнтаў заяўлялі, што выкарыстоўваюць гэты этап толькі для агітацыі, але ня маюць мэты трапіць у бюлетэні.
- Агітацыя за кандыдатаў на гэтым этапе забароненая, але пікеты для збору подпісаў цалкам легальныя і ня лічацца «несанкцыянаванымі мерапрыемствамі». На пікеце на Камароўцы міліцыянты загадвалі прысутным разысьціся і пагражалі гвалтам, але безвынікова — праваахоўнікі неўзабаве сышлі, збор подпісаў не разганялі.
- Пікеты 31 траўня прайшлі і ў сталіцы, і ў шматлікіх буйных гарадах Беларусі, як то ў Гомлі, Магілёве ці Маладэчне. Найбольш людзей прыцягвалі пікеты за Сьвятлану Ціханоўскую, Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу. Многія казалі, што на пікеты іх падштурхнула затрыманьне Сяргея Ціханоўскага.
- Апоўдні да шматлікіх пікетаў сталі ўтварацца чэргі. Ля менскага Камароўскага рынку чарга расьцягнулася на больш як 1 км, людзі казалі, што стаялі па дзьве-тры гадзіны, каб паставіць подпіс.
- Шматлікія прыхільнікі Ціханоўскага трымалі ў руках тэпці, выгуквалі «Стоп таракан!» і «Сыходзь!».
- На працягу дня 31 траўня затрымалі лідэра «Народнай грамады» Міколу Статкевіча, лідэра «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча і яшчэ прынамсі два дзясяткі чалавек. Паведамлялі, што ДАІ выпісвала штрафы кіроўцам, якія сыгналілі на знак падтрымкі прысутным ля Камароўскага рынку. У затрыманьнях удзельнічалі міліцыянты ў форме і «людзі ў цывільным».
- Масавыя пікеты з чэргамі праходзілі і раней. Напрыклад, такі пікет быў 30 траўня ў Лідзе, а такі — тыдзень таму ў Менску.
Відэа:
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.