Мы сабралі для вас навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, а таксама выбараў у Беларусі, за 30 траўня.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
- Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 30 траўня новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19. Паводле міністэрства, на 30 траўня ў Беларусі агулам 40 764 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. 229 памерлі. За дзень выявілі яшчэ 894 выпадкі і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў.
- Супрацоўнікі «хуткай» з Калінкавічаў месяц чакалі вынікі аналізаў на COVID-19. Выявілася, што яны заражаныя. «Але начальства сказала хадзіць на працу! Уявіце — мы, хворыя на каранавірус — месяц вазілі людзей і далей будзем расьцягваць заразу па горадзе?», — абурыліся мэдыкі.
А таксама — пра выбары ў Беларусі
- Патэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты Святлана Ціханоўская паведаміла, што яна падае скаргі ў ЦВК і МУС на перашкоды ў зборы подпісаў у яе падтрымку і на арышт кіраўніка яе ініцыятыўнай групы, яе мужа Сяргея Ціханоўскага.
- МУС паведаміў пра крымінальную справу за гвалт супраць міліцыянтаў пасьля затрыманьня ў Горадні Ціханоўскага з паплечнікамі.
- Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 7 затрыманых перавезьлі на Акрэсьціна, траіх выпусьцілі.
- Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Віктар Бабарыка заявіў пра шматлікія парушэньні на цяперашнім этапе выбарчай кампаніі і пра тое, што ў сувязі з гэтым магчымасьць сумленных выбараў пад пагрозай. Адказваючы на пытаньне пра затрыманьне Сяргея Ціханоўскага, Барабыка сказаў, што даступныя матэрыялы паказваюць, што гэта была правакацыя і затрыманьне незаконнае.
- Сотні людзей прыйшлі ў цэнтар Ліды, каб падтрымаць вылучэньне Сьвятланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзыдэнты.
- Каля дома жанчыны, якую ў інтэрнэце называюць «правакатаркай» з сустрэчы Ціханоўскага, дзяжурыць міліцыя.
- Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта, былы кіраўнік Парку высокіх тэхналёгій Валер Цапкала заявіў, што на Плошчу заклікаць ня будзе, але калі яна зьявіцца — пойдзе.