Я ўжо, здаецца, звыкла да таго, што прафэсіі, колеры, дзіцячыя цацкі і нават чыпсы бываюць мужчынскімі і жаночымі. Дурасьць, вядома ж, але ў сьвеце шмат такіх дурасьцяў, і да іх з часам звыкаеш. Але калі жывеш у Беларусі, трэба быць гатовай зьдзіўляцца зноў і зноў. Цяпер у нас, аказваецца, «Канстытуцыя не пад жанчыну».
Праўда, у Канстытуцыі ёсьць артыкул 22, у якім напісана, што ўсе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону законных правоў і інтарэсаў. Але ж калі гэта каго спыняла? У нас ёсьць сьпіс забароненых для жанчын прафэсіяў, ёсьць дыскрымінацыя дзяўчат пры паступленьні ў пэўныя навучальныя ўстановы і на пэўныя спэцыяльнасьці. У школах дзяўчат вучаць так званай «абслуговай» працы, а на сумоўях жанчын запытваюць, ці зьбіраюцца яны неўзабаве нараджаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Так сказаць можа толькі слабы і залежны чалавек» — Кавалькова і Караткевіч пра заяву Лукашэнкі, што жанчына ня можа быць прэзыдэнтамДы ў нас уся краіна зроблена не пад жанчын, але гэта – ганьба, а не аргумэнт для новых абмежаваньняў. А калі ўжо зусім называць рэчы сваімі імёнамі, дык у Беларусі ўсё зроблена пад вельмі невялікую колькасьць мужчын, і ў першую чаргу пад Аляксандра Лукашэнку. І няма нічога дзіўнага ў яго перакананьні, што «прэзыдэнтам будзе мужык». Ён жа і імя гэтага мужыка ведае. Ды што там, усе мы ведаем гэтае імя.
Ён кажа, што краіна не сасьпела, каб галасаваць за жанчыну. Але цяпер, у час пандэміі каранавірусу, краіна проста на нашых вачах сасьпявае, каб не галасаваць за «мужыка». Каб не галасаваць за ўсе тыя характарыстыкі, якія ўкладвае Лукашэнка ў гэты панятак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС паведаміў пра крымінальную справу за гвалт супраць міліцыянтаў пасьля затрыманьня Ціханоўскага з паплечнікаміМы ўжо маем такога «мужыка» – упартага, дэспатычнага экспэрта ва ўсіх сфэрах, не гатовага прыслухоўвацца да сапраўдных экспэртаў і прызнаваць памылкі. Ці трэба нам працяг гэтага банкету альбо аналягічны герой? Ой, наўрад ці. Пандэмія ў разгары, атамную станцыю вось-вось запусьцяць, і халера ведае, што яшчэ нас чакае ў блізкай будучыні.
Немагчыма загадзя сказаць, ці справіцца жанчына з гэтымі выклікамі, але «мужык» ня справіўся, і гэта відавочна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пачаў сваю выбарчую кампанію з затрыманьня апанэнтаўЗрэшты, калі прэзыдэнт эўрапейскай краіны ў 2020 годзе заяўляе, што жанчына ня можа яго замяніць, бо ў нас нейкая не такая Канстытуцыя і нейкае не такое грамадзтва — гэта ўжо прызнаньне, што ён ня справіўся. Гэта пад ягоным кіраваньнем грамадзтва не пазбавілася гендэрных стэрэатыпаў. Гэта ён не зрабіў нічога для таго, каб нарэшце быў адменены ганебны сьпіс забароненых для жанчын прафэсіяў, каб працадаўцы менш дыскрымінавалі жанчын і каб істотна зьмяншаўся гендэрны разрыў у аплаце працы.
Прэзыдэнт увогуле ў курсе, што ў нас ёсьць Нацыянальны плян забесьпячэньня гендэрнай роўнасьці? Мы гендэрную роўнасьць нават не дасягаем, а ўжо дасягнулі і забясьпечваем. Толькі Канстытуцыя, са словаў Лукашэнкі, «не пад жанчыну» напісана. А ў астатнім – абсалютная роўнасьць і бязьмежныя магчымасьці для разьвіцьця.
Асабліва, калі ты не жанчына.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.