У Горадні 30 траўня адбыўся чарговы пікет па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай. Адначасова ў чарзе стаялі каля 50 чалавек. Напярэдадні на такім жа пікеце міліцыя затрымала кіраўніка ініцыятыўнай групы, вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага і некалькі яго прыхільнікаў. Таксама затрымалі гарадзенскага каардынатара ініцыятыўнай групы Дзьмітрыя Фурманава.
У жывым эфіры з Горадні карэспандэнты Свабоды расказвалі, што адбываецца ў горадзе пасьля затрыманьня напярэдадні блогера Сяргея Ціханоўскага і яго прыхільнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні працягваюцца затрыманьні. Ужо прынамсі 12 чалавек у міліцыіМаладыя жыхаркі Горадні выказаліся ў камэнтары Свабодзе, што ўчорашнія затрыманьні — «чыстай вады правакацыя».
«Паглядзіце, за тры хвіліны тут зьявілася і міліцыя, і АМАП, і восем мікрааўтобусаў сініх! Яшчэ і жанчыну для правакацый прывезьлі зь Менску. Некаторыя амапаўцы самі потым уцякалі ад людзей? Чаму? Таму што разумеюць, што гэта сваволя. Жанчына тая — лезла, чаплялася да Ціханоўскага», — сказала адна зь дзяўчат.
Яе спадарожніца дадала: «Айчым наш капае сабе магілу лыжкай».
Жыхар Горадні выказаўся, што ўчорашнія падзеі — «правакацыя, якімі Лукашэнка займаецца ўжо 26 гадоў».
«Праз кроў, праз косткі ён будзе ўсіх ламаць! Калі мы захочам перамен — ён усё заліе крывёй! Народ павінен падняцца», — сказаў гарадзенец. «Гэта ганьба для Горадні, што менавіта тут Лукашэнка арганізаваў сваю акцыю, бо гэта самы праэўрапейскі горад», — абурыўся ён.
Малады жыхар Горадні лічыць, што затрыманьні ня спыняць, а толькі падштурхнуць людзей прыходзіць на пікеты і аддаваць галасы. «Бо ўлада паказвае, што ёй пляваць на законы, што яны робяць, што хочуць», — зазначыў ён.
Маладая гарадзенка прызналася, што ўчорашнія затрыманьні падшутрхнулі яе прыйсьці сёньня на пікет.
«І іншым, я думаю, яны дапамогуць падняцца з канапы. Гэта сьмешна — хто ў нас працуе ва ўладзе, калі ў іх не хапае мазгоў усё правільна і „прыгожа“ арганізаваць! Трэба, каб кожны зь людзей падняўся з канапы — тады ў нас нешта зьменіцца», — лічыць яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская выказалася наконт затрыманьняў у ГорадніГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, дзе знаходзіцца Сяргей Ціханоўскі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горадзенскага актывіста, які пайшоў падтрымаць Ціханоўскага пад будынкам міліцыі, затрымалі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі актывіста, які паклаў міліцыянта на зямлю падчас інцыдэнту ў Горадні
Затрыманьні на пікеце Ціханоўскай у Горадні. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.