Гарадзенца Міколу Саляніка затрымалі пад будынкам УУС Горадзенскага аблвыканкаму ранкам 30 траўня. Пра гэта Свабодзе паведаміў сябра БХД Сяргей Верамеенка.
Як расказаў Сяргей Верамеенка, яму патэлефанаваў паплечнік Саляніка Аляксандар Лаўрэньцьеў і паведаміў пра затрыманьне.
Мікола Салянік раніцай наведаў РАУС Кастрычніцкага раёну, каб атрымаць інфармацыю пра затрыманых падчас пікету Ціханоўскай 29 траўня. Яму параілі зьвярнуцца ва УУС Горадзенскага аблвыканкаму. Калі Салянік прыехаў да будынку УУС, побач зь ім спыніўся мікрааўтобус.
«Выйшлі людзі, сказалі, што ў дачыненьні да яго вядзецца адміністрацыйная справа, і затрымалі яго», — пераказвае Верамеенка.
Мікола Салянік выступаў з прамовай падчас збору подпісаў ініцыятыўнай групай Сьвятланы Ціханоўскай у Горадні. Пасьля затрыманьня Сяргея Ціханоўскага ён пайшоў разам зь іншымі гарадзенцамі пад будынак Упраўленьня ўнутраных спраў, каб даведацца пра лёс блогера. Каля 21:30 ён прапанаваў усім прысутным разысьціся, каб іхні сход не расцанілі як незаконнае пікетаваньне.
Салянік — інвалід ІІ групы. Ён вядомы сваімі пэрформансамі: ладзіў акцыі ў турэмнай робе, заклейваў сабе рот скотчам падчас судовага паседжаньня, прыкоўваў сябе кайданкамі да баляс у судзе, ладзіў пахаваньне Канстытуцыі Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, дзе знаходзіцца Сяргей Ціханоўскі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская выказалася наконт затрыманьняў у Горадні ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні затрымалі Сяргея Ціханоўскага. ВІДЭА