«Калі людзі становяцца сваімі». Як мастачка малюе стары раён роднай Горадні

Мастачка Ўлада вярнулася з-за мяжы ў родны горад падчас пандэміі. Кожны дзень яна прыходзіць у стары раён Горадні і малюе драўляныя дамы.

Насустрач ёй выходзяць каты, вароны, цмокі і жыхары гэтых дамоў. Улада нясе мяса для ката Яшы, гушкаецца на арэлях і малюе на вяроўцы майткі ў гарошак. Ёй заварваюць гарбату, частуюць цукеркамі і выносяць плед.

Гэта гісторыя сустрэчы, многіх сустрэч — у час, калі закрытыя межы.

Кот Новага Сьвету

Новы Сьвет

Новы Сьвет многія гарадзенцы назавуць самым атмасфэрным раёнам Горадні. Насамрэч сьвет гэты стары. Яму больш за сто гадоў. І ён сыходзіць. Драўляныя домікі згараюць, рассыпаюцца ад недагляду, іх руйнуюць самі гарадзенцы.

Новы Сьвет

Некалькі кварталаў пакрыўленых, шурпатых, стомленых дамоў дажываюць у цэнтры каралеўскага гораду.

«Тут ёсьць няўлоўнае, празрыстае хараство, якое ўцякае, калі яго фіксаваць фізычнымі мэтадамі. Тут патрэбны мастак, містыка, лірыка, мэтафізыка, нешта вельмі асабістае», — кажа журналістка горадзенскага парталу Hrodna.Life Ірына Новік.

Ірына Новік

І запрашае Ўладу захаваць Новы Сьвет ня толькі такім, безнадзейна страчаным, але тым, які для кожнага свой, з успамінамі дзяцінства, цмокамі на сьценах і катамі, якія праяўляюцца зь ніадкуль.

Улада

Сама Ірына любіць у Новым Сьвеце дом з цмокамі. На драўляным карнізе выразаныя ажурныя істоты. Калі ня ведаць, то адразу і ня ўбачыш.

«Сьвет, у якім жывуць такія цмокі, ня можа быць кепскім, ня можа быць страчаным. Мы проста абавязаныя яго захаваць. Калі людзі змогуць пабачыць горадзенскіх цмокаў, яны ня змогуць не палюбіць гэтае месца», — мяркуе Ірына.

Улада потым напіша ёй: «Яны [цмокі] тут паўсюль».

Улада

Улада Шамава нарадзілася і вырасла ў Горадні. Больш за ўсё на Сьвеце яна любіць Італію. І апошнія сем гадоў жыве ў Празе.

Улада

Калі Ўлада хадзіла ў школу, яна абмінала Новы Сьвет, як старога суседа, і не цікавілася яго існаваньнем.

Цяпер ёй 29. Яна зноў у Горадні. Адкрыла раён свайго дзяцінства і ловіць яго «няўлоўнае хараство».

Праект доўжыцца цэлы месяц кожны дзень. Ён скончыцца галерэяй замалёвак дамоў і гісторыямі гарадзенцаў пра яго. Ініцыятар праекту партал Hrodna.Life плянуе ў канцы выдаць кнігу з малюнкамі і зладзіць выставу.

Улада любіць людзей. Калі яна малявала горную вёсачку ў Італіі, яе зачапіла душэўнасьць вяскоўцаў. Дзяўчына не чакала, што Горадня адгукнецца яшчэ большай прыязнасьцю.

«Новы Сьвет для мяне вельмі прыязны»

«Які Новы Сьвет для мяне? Маляўнічы, спакойненькі. Чамусьці адзін журналіст да мяне прыехаў, пагаварыў і сказаў: „Калі нехта будзе крыўдзіць, звані“. Я кажу: „Хто будзе крыўдзіць? Дзе?“ Ён для мяне вельмі прыязны. Сюды заўжды можна прыйсьці. Ніхто ніадкуль не выганяе. Разьняволены. Зь іншага боку, жыхарам цяжкавата. Як без вады жыць? А звонку выдатны», — кажа Ўлада.

Дом рамёстваў. «Ніколі ня думала, што так можна»

Дом, які Ўлада малюе з двара дому рамёстваў

Улада сядзіць на крэсьле, плеценым з лазы. Поруч лазовы бусел, лазовыя шары і лазовыя крэслы. Учора быў дождж, і маляваць на вуліцы не выпадала. Яна знайшла прытулак і паветку ў двары дому рамёстваў. Гэта пяты дом у ейных прыгодах.

«Вас сёньня прыбыло», — з ганку нам махае рудавалосая супрацоўніца дому рамёстваў Алена.

Яна ня толькі дала Ўладзе паветку, саламяны капялюш і лазовае крэсла, але правяла экскурсію па экспазыцыях, а ўвечары запрасіла да сябе на шашлык і віно. Яны сьпявалі песьні, а дачка Алены — Алёна — намалявала Ўладу ў вобразе птушкі.

Уладу ў вобразе птушкі намалявала дзяўчынка Алёна

«Уяўляеш, ніколі ня думала, што так можна. А я спачатку баялася папрасіць у яе рукі памыць», — прызнаецца дзяўчына.

Улада ўключае тэлефон і выходзіць у жывы эфір. Штодня яна расказвае сваім фрэндам, што сёньня адбываецца, і паказвае кавалак Новага Сьвету. Каб і ў Чэхіі, і ў Італіі праз экран бачылі горадзенскую даўніну.

Дом першы, прадказальны. «Я стала знаёмай на шосты раз»

Дом першы

Улада пакідае пад навесам пэндзлі і фарбы і пагаджаецца паказаць нам свой Новы Сьвет. Яна грукаецца ў шыбы, і насустрач нам выходзяць героі яе аповедаў.

На вуліцы вельмі халадно. На прысадах квітнеюць вішні і алыча. Пад адным квітнеючым дрэвам стаіць старое драўлянае крэсла. Проста на кусьце пры дарозе вісіць шэрае паліто. Такога не сустрэнеш ні ў якім іншым раёне гораду.

Паліто ў Новым Сьвеце

«Тут людзі адпавядалі маім чаканьням. Яны праходзілі міма і не віталіся. Спачатку пастаянна выходзіў хлопчык. Я даведалася пра ягоныя хатнія абавязкі. Ён сьмецьце выносіў. Тут вісела куча бялізны. Кабетка тры разы выходзіла яго вешаць і здымаць. Яна прайшла шэсьць разоў, і на шосты раз са мной прывіталася. То бок я стала знаёмай на шосты раз», — расказвае дзяўчына пра будынак, які малявала першым. А потым усё пачало зьмяняцца.

Дом з катом. «Нават нічыйныя каты тут дагледжаныя»

Дом з катом

У гэтым доме жыве дзяўчынка-мастачка Алёна, якая хоча забраць сабе дахаты бадзячага ката.

«Нават нічыйныя каты тут дагледжаныя. Аказалася, некаторых катоў я выношу. Шэры кот, які нават заскокваў да мяне на малюнак і перашкаджаў маляваць, вельмі пяшчотны, але нічый. Алёна ўгаварыла Алену, сваю маму, што калі яны знойдуць грошы на кастрацыю, то возьмуць яго да сябе. Я нават хацела краўдфандынг зладзіць на кастрацыю ката. Потым нешта сорамна стала — зьбіраць грошы на кастрацыю», — усьміхаецца Ўлада.

«Нават нічыйныя каты тут дагледжаныя»

Дом з цмокамі. «Я цмокаў проста люблю»

«Я цмокаў проста люблю. Яшчэ я люблю вавёрак і жырафаў. Цмокі мудрыя, гістарычныя. Яны нібыта злыя, але калі паглядзіш, то проста мудрыя і ўсё разумеюць».

Дом з цмокамі

Дом з цмокамі

«Я калі малявала, адчула, што ззаду нехта ёсьць. Кажу: „Я вас адчуваю“. Ён кажа: „Добры дзень“. Аказалася, што гэты мужчына раней часта бываў у доме з цмокамі, а ў дзень Чарнобыльскай аварыі загараў на ягоным даху. Некалькі дзён прыходзіў да мяне, размаўляў. Алег завецца. Мы былі амаль у аднолькавых штанах, аранжавых».

Дом са скрыпкай. «Там жыве бабуля, у якой скрыпка»

Дом, дзе скрыпка

«Там жыве бабуля, Надзея завуць, у якой скрыпка. (Скрыпку пасьпела перакінуць з суседняга дому габрэйская сям’я, перад тым як іх забралі. Гэта было ў апошнюю вайну). Добра, што ў мяне тэлефон разрадзіўся. Інакш я не паперлася б знаёміцца. Мяне сабакі аббрахалі. Яна насьцярожылася спачатку, а потым пачала размаўляць, дастала нейкія кнігі. Пачала адкрывацца. А на наступны дзень пачаставала мяне цукеркамі. Ужо цяплей. Потым сказала, што калі яна падрыхтуецца, мне яе можна будзе зьняць на відэа».

Надзея

Дом з гарэлкай. «Вам гарбату ці каву італьянскую, як вы любіце?»

«На наступны дзень я зайшла ў двор дома, дзе мужык гарэлку прадаваў, паляк. Для мяне гэта дом з гарэлкай. Дом Яблонскага (гістарычная назва дома) — гэта так патасна».

Дом з гарэлкай

«Бачу, у двары мужчына. Я яму кажу: «А я сёньня буду з вашага ганку маляваць. Мне вашая жонка дазволіла». Я толькі адвярнулася, ён мне лаўку прыцягнуў, здаровую. Потым я зноў пайшла пахадзіць, а ён пледам накрыў лаўку. Потым ягоная жонка мяне зьдзівіла: «Вам гарбату ці каву італьянскую, як вы любіце?». Муж з жонкай Яўген і Ганна.

«Там яшчэ машына стаяла, і я ўсё думала, як так лепш убачыць, каб намаляваць. Тут жыве Галіна. Яна робіць плястыкавыя пальмы. Яшчэ там быў мужычок, які мне са шлянгу ваду наліваў».

Галіна

Улада прыдумала на малюнку майткі ў гарошак, а потым яны папраўдзе зьявіліся на вяроўцы

«Вельмі прыемна, калі людзі становяцца сваімі. Бо гэта аблягчае цяжар майго заплечніка. Па-першае, я магу набраць вады. Па-другое, яны даюць мне гарбату. Гэта ўсё, што мне трэба. А калі там ёсьць яшчэ і крэсла пасядзець, то ўвогуле кайф.

Нават калі я тут некага ня ведаю, то праз пару дамоў ёсьць той, каго я ведаю, і яны могуць мне вады наліць».

«Новы Сьвет становіцца для мяне ўсё больш сваім»

«Новы Сьвет становіцца для мяне ўсё больш сваім. Я ўспрымаю яго як нешта роднае для сябе. Мне здаецца, калі б усе гарадзенцы ўспрымалі яго як нешта роднае, нашмат лягчэй было б яго зразумець. Калі нехта ў чужой краіне робіць замах на твор мастацтва, то цябе гэта мала закране. А калі ў цябе сваё, блізка да цела, такія рэчы ты будзеш нашмат больш заўзята бараніць і больш цаніць», — думае Ўлада.