Штораз больш амэрыканцаў ва ўмовах каранавіруснай пандэміі і карантыну адчуваюць у штодзённым жыцьці смутак, раздражненьне і зьнясіленасьць, пакутуюць ад бессані і маюць праблемы з канцэнтрацыяй увагі.
Гэтыя дэпрэсіўныя настроі і станы, як піша The New York Times, неабавязкова зьяўляюцца сымптомамі хваробы, якую псыхіятрыя называе клінічнай дэпрэсіяй, але яны могуць быць яе прадвесьнікамі. Яны могуць быць «штурмам змроку», як называў такое самаадчуваньне амэрыканскі пісьменьнік Уільям Стайран (1925–2006), які некалькі гадоў пакутаваў ад вострых нападаў дэпрэсіі і апісаў свае перажываньні ў мэмуарным творы «Бачная цемра» («Darkness Visible», 1990).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 80% заражаных каранавірусам маюць «ціхую інфэкцыю» і адчуваюць сябе здаровымі — навукоўцыЗ гэтымі настроямі магчыма змагацца самастойна, без дапамогі лекараў.
«Калі дэпрэсія ня мае сур’ёзнай формы, пасьлядоўны рэжым клопату пра сябе самога можа быць дастатковым», — лічыць доктар Джошуа Гордан, дырэктар амэрыканскага Нацыянальнага інстытуту псыхічнага здароўя.
«Калі вы не ў настроі, калі ў вас праблемы са сном, але вы нармальна функцыянуеце, вы можаце пачаць займацца фізычнымі практыкаваньнямі, кантактаваць часьцей зь сябрамі і знаёмымі, рэгулярна класьціся спаць і харчавацца здаровай ежай. Усё гэта разам, як правіла, складае добрую праграму для прадухіленьня лёгкіх дэпрэсіўных сымптомаў», — сказаў Джошуа Гордан амэрыканскаму выданьню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як зьменшыць небясьпеку заразіцца каранавірусам у гасьцях? Парады«Калі вы сапраўды ня можаце заснуць, ваш апэтыт мяняецца, вы ня можаце працаваць, ня можаце клапаціцца пра сваіх дзяцей ці схадзіць у прадуктовую краму, гэта знак, што вам патрэбна прафэсійная дапамога. Калі вы пытаеце сябе, чаму я павінен устаць з ложка альбо зьвярнуцца па дапамогу, то такія пытаньні зьяўляюцца ўжо сымптомамі вашай хваробы», — лічыць доктар Гордан.
Лекі ў спалучэньні з псыхатэрапіяй звычайна лічацца залатым стандартам лячэньня, хоць гэтыя два падыходы могуць працаваць і самастойна, адзначае The New York Times. Але ніводзін антыдэпрэсант не зьяўляецца панацэяй, і ня ўсе тэрапэўты аднолькава эфэктыўныя. Перш чым зьвяртацца да дактароў і шукаць дапамогі ў леках, паспрабуйце супрацьстаяць сваім дэпрэсіўным настроям самастойна.