«Сёньня ты б убачыў, як многія з тваіх апасеньняў, на жаль, спраўджваюцца», — пішуць ягоныя дзеці Сяргей і Ірына ў «Лісьце да таты».
29 траўня споўнілася б 75 гадоў гісторыку, палітолягу, заснавальніку і галоўнаму рэдактару газэты «Новы Час» Аляксею Каралю. Прайшло амаль 5 гадоў, як яго ня стала, — ён памёр ад анкалягічнай хваробы 12 верасьня 2015-га.
У апошнія гады свайго жыцьця Аляксей Кароль змагаўся з ракам лёгкіх, пры гэтым працягваў удзельнічаць у працы рэдакцыі і грамадзкім жыцьці краіны. Перад тым тры месяцы ён правёў у сям’і сына Сяргея, які жыве і працуе фінансавым мэнэджэрам у Сынгапуры, там і лячыўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксей Кароль на Свабодзе. Падборка цытатаў і публікацыяў
Пра выклікі перад зьбянтэжаным чалавецтвам
Да юбілею бацькі ягоны сын Сяргей Кароль, фінансавы мэнэджар з Сынгапуру, і дачка Ірына Віданава, якая выдае ў Менску папулярны онлайн-часопіс CityDog.by, на старонках ягонай былой газэты «Новы час» напісалі своеасаблівы ліст да дарагога чалавека. У ім спроба разабрацца, як тата адрэагаваў бы на падзеі і выклікі, якіх за прамінулыя гады зусім не паменела.
«У складаныя для нашай сям’і моманты мы зьвярталіся да ліставаньня. Спачатку доўгія лісты пісаліся ад рукі, потым асадку і паперу замянілі клявіятура і электронная пошта. „Дзіўная рэч, але ліст — старажытная форма зносінаў — і цяпер валодае значна большай глыбінёй і сілай перакананьня, чым усе сучасныя“, — пісаў ты. Цябе няма з намі амаль 5 гадоў. Сёньня, у твой 75-ты дзень народзінаў, калі жыцьцё так радыкальна зьмянілася і перад зьбянтэжаным чалавецтвам паўсталі новыя выклікі, мы зноў пішам табе. Ці пазнаў бы ты сьвет, у якім мы аказаліся?» — задаюцца пытаньнем ягоныя дзеці.
І выказваюць здагадку: «Сёньня б ты ўбачыў, як многія з тваіх апасеньняў, на жаль, спраўджваюцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аляксей Кароль умеў пераканаўча размаўляць і з савецкай намэнклятурай і з радыкальнай моладзьдзю» — ЛукашукУ інтэрвію Свабодзе дачка Аляксея Караля Ірына Віданава паразважала, што думаў бы яе бацька пра спаралізаваны каранавірусам сьвет і пра Беларусь з парадам і без карантыну?
«З аднаго боку, было б ня столькі расчараваньне, колькі заклапочанасьць праблемамі, перад якімі апынуўся сьвет, — кажа Свабодзе Ірына Віданава. — Бо няма ўцямнага адказу на выклікі, якія паўсталі ня толькі перад Беларусьсю, а перад усім чалавецтвам. Зь іншага боку, калі пісаўся „Ліст да таты“ — для нас гэта аказаўся глыбокі і доўгі працэс — яшчэ не было ўсяго, што суправаджае працэс выбараў. Пэўна, як актывіст, палітоляг, гісторык, ён зь цікаўнасьцю назіраў бы за тым, што адбываецца. І нейкім чынам браў бы ўдзел, бо проста ня змог бы заставацца староньнім назіральнікам».
Пра пагрозу незалежнасьці як асабісты боль
Аляксей Кароль нарадзіўся ў 1945 годзе ў пасёлку Копысь Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці. Нягледзячы на зямляцкія повязі зь першым прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, шляхі іх радыкальна разышліся, ён стаў ідэйным апанэнтам аўтарытарнага кіраўніка.
Кандыдат гістарычных навук, Аляксей Кароль працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук БССР. Аўтар трох гістарычных кніг. Займаўся палітыкай, быў адным з заснавальнікаў Партыі народнай згоды, адзін зь лідэраў беларускіх сацыял-дэмакратаў.
У 2004 годзе балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў, у 2006-м быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. Выдаваў газэту «Згода», пазьней галоўны рэдактар тыднёвіка «Новы Час». У якасьці экспэрта быў частым госьцем эфіраў Радыё Свабода.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксей Кароль: Лукашэнка зойме месца ў гісторыі пасьля Пазьняка і КарпенкіВера ў дэмакратычную Беларусь і сёньня была б ягоным яшчэ адным важным клопатам, перакананая Ірына Віданава.
«Безумоўна, ён быў бы занепакоены лёсам Беларусі, у першую чаргу захаваньнем нашай незалежнасьці. Магчыма, гэтая тэма цяпер менш востра гучыць, чым летась падчас масавых пратэстаў супраць інтэграцыі з Расеяй, але зразумела, што праблема сама па сабе нікуды не сышла, будзе раз-пораз узьнікаць. І гэта таксама было б ягоным вялікім болем, каб мы не змаглі сябе абараніць. Я пра тую незалежнасьць, якая ўсё ж ёсьць», — адзначае дачка палітоляга і гісторыка.
Нягледзячы на адлегласьць, ня страчвае сувязі з Радзімай і Сяргей Кароль. За тысячы кілямэтраў ад Беларусі ў нацыянальным духу выхоўвае малога сына Міколу, унука Аляксея Сьцяпанавіча.
«Так, Сынгапур — ужо асноўнае месца жыхарства Сяргея, але пасьля сьмерці таты ён тройчы прылятаў у Менск разам з сынам, — расказвае пра брата Ірына. — Зрэшты, цяперашнія тэхналёгіі дазваляюць стала быць на сувязі. Чытае, што ў Беларусі адбываецца, шмат потым гэта абмяркоўваем. А галоўнае, што выхоўвае Міколу, названага ў гонар прадзядулі, у духу беларускасьці. Нягледзячы на тое, што грамадзянін сьвету, цалкам усьведамляе, што ён беларус. Нават з гэтай прычыны важна бываць на радзіме продкаў, наведваць магілы тых, хто даў нам жыцьцё».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская мова і адметнасьць зрабіліся знакам моды», — Аляксей Кароль
Пра здольнасьць суперажываць людзям
Асноўныя працы Аляксея Караля сабраныя ў асобнай рубрыцы, даступнай на сайце газэты «Новы Час». У гонар свайго заснавальніка рэдакцыя праводзіць конкурс сярод маладых аўтараў. Пераможцаў называюць у трох намінацыях — за найлепшы грамадзка-палітычны, сацыяльна-эканамічны і культурна-гістарычны матэрыял. І гэта найлепшы спосаб ушанаваць чалавека, які так шмат зрабіў для сваёй краіны, перакананая Ірына Віданава.
«Паколькі маральна, духоўна бацька ўвесь час з намі, няма адчуваньня, што вось ён сышоў і трэба нешта рабіць дзеля ягонай памяці. Таму ніякіх адмысловых мэмарыяльных збораў не плянавалі. Падаецца, усё самае важнае ён пасьпеў надрукаваць. Нават у сваім апошнім відэаматэрыяле, прысьвечаным аналізу таго, што адбывалася ў 1990-я, абсалютна дакладна выказаўся наконт палітычных, сацыяльных працэсаў у Беларусі. Проста не хацелася б нешта за яго дадумваць і дапісваць. Ён жыве ў нас, у нашай памяці, у „Новым Часе“ — дзякуй камандзе, якая працягвае гэтую справу».
Зь ліста Сяргея Караля і Ірыны Віданавай да бацькі:
«Тваё адчуваньне несправядлівасьці і суперажываньне чалавечаму болю выяўляліся ў тваёй дзейнасьці публіцыста і актывіста. Пры гэтым ты заўжды захоўваў зьнешні спакой, уменьне аргумэнтаваць і пераконваць, выкарыстоўваючы прыклады з гісторыі, цытаты зь літаратуры і, канечне, гумар. У цябе быў аўтарытэтны і адначасова добры голас. Голас, які ўмеў заваражыць і супакоіць нас у дзяцінстве, так што ўсе страхі адразу зьнікалі. Голас, да якога прыслухоўваліся як калегі, такі і апанэнты па палітычных баталіях», — напісалі дзеці Аляксея Караля ў сваім «Лісьце да таты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алена Анісім: «Аляксей Кароль быў чалавекам справы» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторык Аляксей Літвін: «Аляксей Кароль мяне ўразіў сваёй эрудыцыяй»