29 траўня спаўняецца сто гадоў з дня гібелі вядомага дзеяча нацыянальнага адраджэньня Фабіяна Шантыра (1887–1920). Свабода сабрала 10 цікавых фактаў пра беларуса, які стаў першай ахвярай бальшавіцкага тэрору сярод інтэлігенцыі.
Ён быў яркім, харызматычным прамоўцам, выключным арганізатарам. У Бабруйску, Слуцку, дзе працаваў Фабіян Шантыр, кіпела беларуская нацыянальная справа.
Быў першым каханьнем Зоські Верас, якая нарадзіла яму сына. Удзельнічаў у 1-м Усебеларускім зьездзе (1917). На пачатку 1919-га стаў камісарам па нацыянальных справах Часовага ўраду БССР. Пратэставаў супраць рашэньня бальшавікоў аб’яднаць Беларусь і Літву ў адну рэспубліку.
Шмат у якіх сваіх прамовах і артыкулах выказваў жаль, што нават блізкім сябрам трэба даказваць вядомыя ісьціны: Беларусь — унікальная краіна з багатай гісторыяй, мовай, культурай і павінна ўжо нарэшце стаць незалежнай эўрапейскай дзяржавай.
1. Змалку рос у атмасфэры поўнай свабоды і незалежнасьці
«„Я вырас у атмасфэры поўнай незалежнасьці і ніколі не прызнаваў якіх бы то ні было варункаў, што так ці іначай абмяжоўваюць волю індывідуўма“. Незалежнасьць ён атрымаў у раньнім дзяцінстве, калі памерла маці, а ў бацькі, які працаваў мулярам, неставала часу для паўсядзённага кантролю за паводзінамі падрастаючага сына. Ці не адсюль — яго радыкальныя рэвалюцыйныя погляды, неадольнае жаданьне зламаць усё старое, іншы раз нават ня маючы ўяўленьня пра тое, чым гэтае старое можна замяніць?» (А. Жук. Фабіян Шантыр: «Нацыянальнае адраджэньне ніколі не загіне». Да 130-годзьдзя з дня нараджэньня).
2. Яго выхоўвала прадстаўніца самай старажытнай прафэсіі
«Яго выхоўвала маці, якая кармілася першай самай старажытнай прафэсіяй. Фактычна ён вырас на самым дне. І гэта, безумоўна, адбілася на яго дарослым жыцьці» (А. Шадрина. Людвика и Фабиан // СБ. Беларусь сегодня. 24.11.2006).
3. Умеў паланіць сэрца нават самых строгіх дзяўчат
Людвіка Сівіцкая (Зоська Верас) — «суровая і непрыступная дзяўчына» — была ў захапленьні ад лістоў Шантыра. «Сколькі ў іх паэзіі і якая зычная і поўная эстэтыкі мова... Як бачу, Шантыр — беларус з эстэтычнай душой, такіх дагэтуль не спатыкала».
У адным зь яго пісьмаў да Людвікі Сівіцкай чытаем:
«Душа ваша, вялікая хараством суму, поўная дзіўнага чарацьвету, — гэта душа мусіць належаць да майго быту. Куды б ні ішлі Вы, дзе б ні былі, да каго б ні належалі, дух мой вечна будзе ісьці ўсьлед вашай душы, агартаць яе сілай чуцьця свайго і зваць да сябе... Я ня бачыў Вас, а ўжо сьніў аб вашай душы... насіў яе ў сабе, будаваў ёй алтары і маліўся, маліўся мукамі адзіноцтва... Не чыніце ж гвалту быту, аддайце ж мне сваю душу, бо яна нікому, апроч мяне, ня будзе належаць. Я чакаю яе» (А. Жук, 2017).
4. Лічыў, што да ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага быў «упадак»
«Аслабляная барацьбою асобных сваіх княжцтв, беларуская зямля ўсё больш і больш слабела эканамічна. Эканамічная барацьба акраін і цэнтру ўступіла мейсца дынастычнай барацьбе князёў. Дамовыя сваркі князёў, канчаўшыяся ў большай частцы самамардаваньнямі і пагромамі адным княжацтвам другога, давялі хутка Беларускую зямлю да ўпадку. Руйнаваная мяждаўсобіцамі дзясяткамі сваіх уладароў, Беларуская зямля, зусім аслабеўшая, не магла бараніцца ад нападу другіх народаў»
(Ф. Шантыр. Патрэбнасьць нацыянальнаго жыцьця для беларусаў і Самаадзначэньня народу. Слуцк, 1918).
5. Лічыў беларускую юрысдыкцыю ВКЛ роўнай старажытнарымскай
«Гэта быў адзін зь лепшых пэрыядаў разьвіцьця беларускай культуры. Беларуская літаратура, стаяўшая ў той час на вышшай ступені разьвіцьця, чым другія, была перадавым кіраўніком; беларуская юрысдыкцыя магла па прастаце сваіх знамянітых статутаў і іх паўнаце і ўсестароньняй глыбіні ахопленаго быту ісьці ў спрэчкі са знамянітай... рымскай юрысдыкцыяй. Прасьвета такжа пачынала быць даступнай ня толькі для «прывілегірованых» (Ф. Шантыр, 1918).
6. Быў адным з найлепшых арганізатараў беларускай справы
Зоська Верас успамінала: «...з захапленьнем... бачыла, як працаваў Бабруйск. Які размах, якая энэргія! А працаваў там адзін чалавек — Ф. Шантыр. У адным зь лістоў 1917 г. ён пісаў мне:
„Сягодня чуюся надта шчасьліва: была ў нас маніфэстацыя салдат і сялян. Народу было некалькі тысяч. Пасьля маніфэстацыі былі мітынгі, спачатку салдацкі, а пасьля вясковы. На абодвух мітынгах я выступаў. І знаеце, перажытае падчас мітынгаў я ніколі не перажываў і, мабыць, ня буду перажываць! Народ страпянуўся...“
Энтузіяст, палымяны трыбун, Ф. Шантыр вёў за сабой масы. Зайздросьціла, захоплівалася...» (З. Верас. Я помню ўсё. Горадня, 2013).
7. Жорстка крытыкаваў Зоську Верас
Шантыр крытычна ставіўся да жаданьня Зоські Верас арганізаваць выдавецкае таварыства «Заранка»:
«Ідэя варта сьмеху! Гурток людзей маніцца выдаваць падручнікі тады, калі німа каму і каго вучыць. Народ беларускі зруйнаваны і расьцярушаны па ўсім абшары сьвету. Выдаваць брашуры і падручнікі, калі німа ніякага культурнага нацыянальнага жыцьця... — модная забаўка...»
Выказваўся Шантыр і супраць спробы Зоські Верас адрадзіць батлейку: «„Я хачу адарваць вас ад ролі, каторая даводзіць ледзь не да шыцьця сукенак для балванчыкаў батлейкі“. Мяне ахаплялі абурэньне і злосьць!» (З. Верас, 2013).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 незвычайных фактаў пра Зоську Верас
8. Лічыў, што нацыянальна несьвядомы народ асуджае сябе на духоўную пагібель
«Праз чужую мову, культуру, праз чужую народнасьць ні адзін народ ня можа прыйсьці да агульначалавечых ідэалаў раўнапраўным сябрам; калі ён страціць сваю мову, народнасьць, сваю нацыянальную душу і пойдзе па дарозе культуры, то, прамінаючы тое, што ў даным разе ён будзе толькі простым слугою таго, пад чыім іменем ён будзе ісьці, — ён прыйдзе не к культуры, а к сваёй нацыянальнай сьмерці, якая выльецца ў цяжкі векавы летаргічны сон» (Ф. Шантыр, 1918).
9. Яго падставілі праз жанчыну
«Ніводная жанчына не магла перад ім устаяць. І гэта пасьля было выкарыстана супраць яго... На пачатку 1920 году ён — у рэдкалегіі газэты „Савецкая Беларусь“. Потым займаў у літаральным сэнсе хлебную пасаду ў арміі. Кіраўнік спраў камітэту па харчаваньні. У штаце шмат жанчын. У яго былі ворагі. Як скампрамэтаваць? Праз жанчын. Бо ён на іх меў вялікае ўзьдзеяньне.
Была ўзбуджана справа з нагоды „дабравольна-прымусовага“ ўступленьня ў інтымную сувязь. Расстралялі яго за тое, што ён быццам прыпісаў сабе партыйны стаж і ня мог даказаць, што сядзеў у царскай турме ў 1905 годзе. І за дыскрэдытацыю савецкай улады. Але, па сутнасьці, за тое, што ён — некіравальны беларускі дзеяч» (А. Шадрина, 2006).
10. Зоська Верас памірала зь ягоным іменем на вуснах
«Ад дачкі легендарнай Зоські Верас Галіны пачуў: за два-тры дні да скону яе матуля ўжо нічога ня памятала, толькі трызьніла, паўтарала, гукала: „Фабіян! Фабіян! Фабіян!“
Дачку Зоські Верас Галіну, ды ня толькі яе, уразіла, што яе матуля падчас трызьненьня гукала не сваіх дзяцей, не матулю сваю, урэшце, не свайго мужа Антона Войціка, зь якім пражыла 22 гады, а менавіта Фабіяна».
(«Фабіян! Фабіян!» «Наша Ніва», 13.05.2005).