Беларусь увайшла ў пяцёрку краін Эўропы з найбольшай колькасьцю зарэгістраваных выпадкаў заражэньня COVID-19 за апошнія два тыдні, паведаміў 28 траўня дырэктар Эўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусьветнай арганізацыі здароўя Ганс Клюге, піша БелаПАН.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Акрамя Беларусі, у першую пяцёрку ўвайшлі Расея, Вялікая Брытанія, Турэччына і Італія. Усяго ў зоне адказнасьці эўрапейскага бюро САЗ 53 краіны з насельніцтвам каля 900 мільёнаў чалавек, у якіх пацьверджана больш за 2 мільёны выпадкаў заражэньня каранавірусам і зафіксавана звыш 175 тысяч сьмерцяў ад COVID-19.
Клюге адзначыў, што на фоне пандэміі Эўропа ўступае ў фазу эканамічнага спаду, але разам з тым перасьцярог краіны ад скарачэньня дзяржаўных выдаткаў на ахову здароўя. «Інвэставаньне ў ахову здароўя і сацыяльную абарону, асабліва ва ўмовах нестабільнай эканомікі, — прыкмета адказных палітычных дзеяньняў», — падкрэсьліў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры месяцы з каранавірусам. 10 фактаў пра COVID-19 у БеларусіДырэктар эўрапейскага бюро САЗ перакананы, што краінам рэгіёну пасьля аднаўленьня трэба будзе пераходзіць да так званай эканомікі дабрабыту, якая «ставіць у цэнтар людзей; забясьпечвае сыстэму падтрымкі для кожнага і абараняе тых, хто на перадавой; спрыяе „зялёнаму клімату“ і экалягічнай устойлівасьці».
На 28 траўня колькасьць пацьверджаных Мінздароўя выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 39 858, памерлі 219 чалавек.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ