Дзесяць дэпутатаў Эўрапарлямэнту падпісаліся пад адкрытым лістом, у якім выказваюць салідарнасьць зь беларусамі ў змаганьні з каранавіруснай інфэкцыяй, супраць якой, на іх думку, беларускія ўлады не зрабілі адэкватных захадаў.
Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Як абраныя дэпутаты Эўрапарлямэнту і сябры беларускага народу мы хацелі б выказаць захапленьне вашай мужнасьцю і рашучасьцю, праяўленымі ў гэты выпрабавальны час, і такім чынам кампэнсаваць, наколькі гэта магчыма, няздольнасьць беларускай улады ацаніць памер патэнцыйнага распаўсюду COVID-19 і, адпаведна, зрабіць адэкватныя захады. Сьведчаньне гэтага — маштаб самаарганізацыі звычайных грамадзян, якія шчодра дапамагаюць адзін аднаму, а таксама найбольш уразьлівым, і адвага, якую праяўляюць мэдычныя працаўнікі», — пішуць дэпутаты ў лісьце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэнген падчас пандэміі: куды ўжо можна зьвяртацца беларусамДэпутаты адзначаюць, што салідарнасьць Эўразьвязу зь беларускім народам праяўляецца ня толькі на словах, але і ў канкрэтнай дапамозе ў змаганьні з пандэміяй. У прыватнасьці, эўрапарлямэнтары нагадваюць пра 60 мільёнаў эўра дапамогі Беларусі, закладзеныя ў рамках фінансавага пакету Team Europe для змаганьня з каранавіруснай інфэкцыяй.
Беларусь таксама атрымае мэдычнае абсталяваньне і матэрыялы на суму 30 мільёнаў эўра. Дэпутаты дадаюць, што ў рамках праграмы салідарнасьці «Ўсходняга партнэрства» Беларусі прызначаная сума 10 мільёнаў эўра для дапамогі найбольш пацярпелым часткам насельніцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы ўжо расплочваюцца за парад. Пакуль толькі грашымаШто да прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі, то дэпутаты адзначаюць наступнае:
«Хоць мы прызнаём, што ў адпаведнасьці зь беларускай Канстытуцыяй прэзыдэнцкія выбары павінны адбыцца да 30 жніўня, мы настойліва заклікаем беларускі ўрад забясьпечыць свабоднае, справядлівае і бясьпечнае правядзеньне выбараў у папярэдні пэрыяд (у тым ліку гарантаваць, што кандыдаты змогуць сабраць подпісы своечасова і бясьпечна) і ў дзень выбараў, у адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ і парадамі мэдычных экспэртаў».
Ліст падпісалі эўрадэпутаты: Андрус Кубілюс (Літва), Мірыям Лексман (Славаччына), Сандра Калніетэ (Латвія), Гайдзі Гаўтала (Фінляндыя), Томаш Франкоўскі (Польшча), Пятрас Аўштравічус (Літва), Іван Штэфанэц (Славаччына), Сяргей Лагадзінскі (Нямеччына), Зыгфрыд Мурэшан (Румынія), Райнгард Бютыкофэр (Нямеччына).
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.