Колькасьць інфікаваных каранавірусам новага тыпу нашмат большая, чым лічылася дагэтуль. Пра такую выснову лекараў з амэрыканскага Цэнтру кантролю і прадухіленьня хваробаў паведамляе нямецкі штотыднёвік Focus.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Мэдыкі сьцьвярджаюць, што больш за 80% тых, у каго аналізамі было пацьверджана заражэньне Sars-CoV-2, ня мелі ніякіх сымптомаў хваробы. Такіх людзей называюць пацыентамі зь «ціхай інфэкцыяй». Але менавіта яны скажаюць сапраўдную ацэнку і карціну пашырэньня каранавірусу ў сьвеце.
Людзей без прыкметаў хваробы амаль ніколі не тэстуюць, таму яны робяцца несьвядомымі пераносчыкамі Sars-CoV-2. Да гэтай жа групы належаць і дзеці, якія рэдка калі цяжка хварэюць на COVID-19.
Як прыклад, прыводзіцца дасьледаваньне навукоўцаў з унівэрсытэцкага шпіталю ў Новым Паўднёвым Уэльсе ў Аўстраліі, якія прааналізавалі сытуацыю на круізным лайнэры, які ў сярэдзіне сакавіка адплыў ад берагоў Аргентыны на 21-дзённае падарожжа. На палубе было 128 пасажыраў і 95 членаў каманды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як зьменшыць небясьпеку заразіцца каранавірусам у гасьцях? Парады
У той час Сусьветная арганізацыя здароўя ўжо папярэдзіла пра пандэмію і пагрозы заражэньня. Таму на лайнэры былі заведзеныя жорсткія гігіенічныя правілы — на яго ня трапілі пасажыры з краінаў з высокім узроўнем распаўсюджваньня хваробы COVID-19. Пасажырам таксама мералі тэмпэратуру, паўсюль былі дэзынфэкцыйныя сродкі.
На восьмы дзень плаваньня зьявіўся першы чалавек з павышанай тэмпэратурай. На караблі тут жа быў заведзены крантынны рэжым. Хворага ізалявалі, астатнім пасажырам было загадана заставацца ў сваіх каютах, пэрсанал пачаў насіць абарончыя маскі і іншыя індывідуальныя сродкі аховы.
Тым ня менш, восем пасажыраў у рэшце рэшт былі перапраўленыя ў лякарні, бо мелі вялікія праблемы з дыханьнем.
На дваццаты дзень ўсе, хто заставаўся на борце — і пасажыры, і каманда — былі пратэставаныя на Sars-CoV-2. Высьветлілася, што з 225 чалавек заражаныя больш за палову — 59%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як унукам у пандэмію пабачыцца з бабуляй і дзядулем? Парады
Але ў выніках таго абсьледаваньня было і нешта больш важнае. Толькі 19% інфікаваных мелі хоць нейкія сымптомы хваробы. Астатнія 81% адчувалі сябе абсалютна здаровымі.
Таму навукоўцы выказваюць засьцярогі, што «ціхая інфэкцыя» распаўсюджаная сярод людзей значна больш, чым лічылася дагэтуль. З гэтай прычыны кантраляваць пашырэньне вірусу Sars-CoV-2 будзе значна цяжэй.
Да таго ж вядома, што ў людзей зь лёгкім цячэньнем хваробы COVID-19 антыцелаў у крыві выпрацоўваюцца мала або яны зусім не выпрацоўваюцца.