Міністэрствы і канцэрны Беларусі даручылі дзяржаўным прадпрыемствам перайсьці на абслугоўваньне ў дзяржаўныя банкі, паведамляе бізнэс-саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага (БСПН), які выступае супраць такой практыкі.
У паведамленьні БСПН гаворыцца, што прадпрыемствы з доляй дзяржавы атрымліваюць ад вышэйшых галіновых органаў кіраваньня распараджэньні перавесьці рахункі, за выключэньнем рахункаў для ўліку крэдытнай запазычанасьці, з прыватных банкаў у дзяржаўныя — «Беларусбанк», «Белаграпрамбанк» і «Белінвэстбанк».
У прыватнасьці, у БСПН паступіла копія распараджэньня старшыні канцэрну «Беллегпрам» Тацяны Лугіной ад 25 траўня № 5-23/3378, у якім тая, спасылаючыся на даручэньне ўраду, патрабуе ад падведамных прадпрыемстваў не пазьней за 8 чэрвеня даць справаздачу аб пераносе рахункаў.
Паводле інфармацыі БСПН, аналягічныя лісты атрымалі ня толькі прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці, але і іншых галін. Аўтарамі таксама выступілі міністэрствы і ведамствы.
Дырэктарка БСПН Жанна Тарасевіч выступіла з крытыкай такіх даручэньняў. Паводле яе, гэтыя дзеяньні «груба парушаюць артыкул 13 Канстытуцыі Беларусі аб роўнасьці ўсіх формаў уласнасьці», а сам зьмест ліста гаворыць аб прымусе ў дачыненьні да камэрцыйных арганізацый, якія «маюць права самастойна вырашаць пытаньні ажыцьцяўленьня гаспадарчай дзейнасьці».
«І галоўнае: чым такое стаўленьне заслужылі камэрцыйныя банкі, якія спраўна плацілі падаткі, займаліся абслугоўваньнем суб’ектаў гаспадараньня, давалі спонсарскую дапамогу і іншае? Чым яны не дагадзілі нашым органам улады?» — задаецца пытаньнем Тарасевіч.
Кіраўніцтва БСПН ад імя бізнэс-супольнасьці выказвае «глыбокую трывогу і расчараваньне» з нагоды падобных дзеяньняў эканамічных уладаў, якія «супярэчаць рынкавым прынцыпам і могуць нанесьці сурʼёзную шкоду эканоміцы, якая і без таго адчувае прэсінг ва ўмовах пандэміі COVID-19», падкрэсьліла Тарасевіч.
У «Беллегпраме» Tut.by пацьвердзілі, што такі ліст быў накіраваны, там запэўнілі, што «ўзьнікла непаразуменьне і гэты ліст будзе адкліканы».