Супрацоўнікі Памежнага ўпраўленьня ФСБ Расеі спынілі шэраг спробаў незаконнага ўезду беларусаў, піша «Смоленская газета».
У раёне населенага пункту Зімоніна Шумяцкага раёну затрымалі 8 чалавек, якія спрабавалі на двух легкавых аўтамабілях па лясной дарозе заехаць у Расею. Празь дзьве гадзіны каля вёскі Двупаляны Красьнінскага раёну папаліся яшчэ пяцёра. Усе парушальнікі — беларусы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суседзі Беларусі падоўжылі забарону на ўезд у сувязі з пандэміяй«Устаноўлена, што частка зь іх скарысталася аб’явамі ў сацыяльных сетках, якія прапануюць за грошы паслугі „правадыроў“ у абыход месцаў нясеньня службы нарадаў, — паведамілі ў Памежным упраўленьні ФСБ Смаленскай вобласці. — Усе замежныя грамадзяне прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці і вернутыя на тэрыторыю сумежнай дзяржавы».
Таксама паведамляецца, што падразьдзяленьнем дазнаньня распачатая крымінальная справа за незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы Расеі ў дачыненьні да іншага беларуса. Аднойчы яго ўжо выправоджвалі на радзіму, але зноў затрымалі на тэрыторыі Руднянскага раёну, калі той паўторна перасек дзяржаўную мяжу.
Мяжа Расеі закрытая ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. Зь беларускага боку межы застаюцца акрытымі, але ўсе суседнія дзяржавы забаранілі ўезд да іх іншаземцаў.