Кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі адказаў на скаргі аб прымусовым зборы подпісаў

Міхаіл Орда, архіўнае фота

Старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, які ўзначальвае выбарчы штаб Аляксандра Лукашэнкі, адказаў у «Фэйсбуку» на скаргі людзей у сацыяльных сетках пра тое, як у дзяржаўных установах прымушаюць супрацоўнікаў падпісвацца за вылучэньне Лукашэнкі.

Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі >>

У сваім адказе Орда згадвае артыкул «Нашай нівы» нібыта «пра тое, як у „незалежныя“ СМІ зьліваюцца фэйкавыя „навіны“».

«Схема да банальнага простая. „На каленцы“ фабрыкуецца нібыта афіцыйны ліст аб прымусовым уключэньні людзей у ініцыятыўную групу дзейнага прэзыдэнта. Натуральна, на паверку ўсе прозьвішчы і імёны аказваюцца выдуманымі, як і факт прымусовага ўключэньня ў групу. Сёньня ўспомніў гэты артыкул, паколькі з кожным днём падобных фэйкаў становіцца ўсё больш. Ніводнага рэальнага імя», — заяўляе Орда.

Паводле Орды, усе «такія ўкіды» правяраюцца, і на сёньня «ніводнага рэальнага факту».

«Падобна на тое, што хтосьці проста адпрацоўвае грошы. Спадары, можа хопіць? У нашай краіне людзі падпісваюцца за вылучэньне дзейнага прэзыдэнта. Гэта — факт».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыйшлі з ужо гатовымі падпіснымі аркушамі». Людзі скардзяцца, што прымушаюць падпісвацца за Лукашэнку

Калі на чацьвёрты дзень ад пачатку збору подпісаў (прычым два з гэтых дзён былі выходныя) ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі заявіла, што сабрала ўжо 200 тысяч, людзі ў сацыяльных сетках, Telegram-каналах пачалі расказваць, як на іх ціснуць і прымушаюць падпісвацца. Паводле такіх расказаў, асабліва «шчыруюць» кіраўнікі бюджэтных арганізацый, школ.

Людзі паведамляюць, што на прамысловых прадпрыемствах да работнікаў прыходзяць ужо з запоўненымі падпіснымі лістамі, прапануюць толькі паставіць подпіс і дату.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.