Эўрапейскі цэнтар прафіляктыкі і кантролю захворваньняў (ECDC) узяў пад сумнеў эфэктыўнасьць закрыцьця межаў для барацьбы з распаўсюджваньнем каранавіруснай інфэкцыі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Цэнтар выпусьціў даклад у момант, калі краіны Эўразьвязу абмяркоўваюць магчымасьць зьняцьця некаторых абмежаваньняў на паездкі, уведзеных на першым этапе эпідэміі ў Эўропе, піша Reuters.
Экспэрты адзначаюць, што закрыцьцё межаў прывяло да вельмі нэгатыўных наступстваў для эканомікі, але толькі адтэрмінавала эпідэмію ў самым яе пачатку.
У справаздачы таксама гаворыцца пра слабую эфэктыўнасьць такіх захадаў, як абсьледаваньне стану пасажыраў перад паездкай або вымярэньне тэмпэратуры іх цела пасьля прыбыцьця ў пункт прызначэньня. Пры гэтым у цэнтры згодныя з тым, што паездкі палягчаюць распаўсюджваньне вірусу.
Эўракамісія ў красавіку рэкамэндавала аслабіць абмежаваньні на паездкі, у першую чаргу, паміж краінамі зь нізкім узроўнем заражэньня. Але ў Цэнтры прафіляктыкі і кантролю мяркуюць, што на інфармацыю аб эпідэмічным становішчы нельга спадзявацца, бо краіны ЭЗ прытрымліваюцца розных падыходаў да статыстыкі хворых, што не дазваляе параўноўваць ўзроўні пашырэньня інфэкцыі.
- У аўторак Гішпанія заклікала дзяржавы Эўразьвязу вызначыць агульныя правілы для адкрыцьця межаў унутры Шэнгенскай зоны — па меры паступовага паслабленьня краінамі карантынных захадаў.
- У той жа дзень стала вядома, што ўлады Нямеччыны плянуюць адмяніць пасьля 15 чэрвеня абмежаваньні на паездкі ў 31 эўрапейскую краіну. А Чэхія і Данія абвясьцілі аб зьмякчэньні кантролю на частцы сваіх межаў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ