Міністэрства аховы здароўя Беларусі прыняла пастанову аб зьменах у пераліку «хваробаў, якія зьяўляюцца мэдычнай падставай для вызваленьня вучняў ад выпускных іспытаў». Тэкст быў афіцыйна апублікаваны і набыў моц 28 траўня.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
У пераліку дадалі наступныя пункты:
- да сьпісу інфэкцыйных хваробаў дадалі «інфэкцыю, выкліканую каранавірусам COVID-19»* — вызваленьне даюць да ачуньваньня і завяршэньня тэрміну самаізаляцыі;
- бранхіяльная астма ў сярэднецяжкім цячэньні цяпер дае вызваленьне да завяршэньня лячэньня (раней толькі цяжкая форма давала вызваленьне на пастаяннай аснове);
- пункт пра псарыяз дапоўнілі падпунктам пра атапічны дэрматыт у цяжкай форме — ён дае вызваленьне да завяршэньня лячэньня;
- чэрапна-мазгавыя траўмы падзялілі ўжо не на дзьве, а на чатыры ступені: у залежнасьці ад цяжкасьці яны даюць вызваленьне на 2, 4 або 6 месяцаў, ці на пастаяннай аснове.
* COVID-19 — гэта не каранавірус, а хвароба, якую выклікае новы каранавірус SARS-CoV-2, як СНІД — ня вірус, а сындром, выкліканы вірусам імунадэфіцыту чалавека.
Зрабілі і шэраг драбнейшых зьменаў, як то:
- інфэкцыйны манакулёз у цяжкім і сярэднім цячэньні больш не дае пастаяннага вызваленьня ад іспытаў, а толькі на пэрыяд дыспансэрнага назіраньня (6 месяцаў);
- злаякасныя новаўтварэньні цяпер даюць вызваленьне не на 1 год пасьля хіміяпрамянёвай тэрапіі пры наступленьні рэмісіі, а да пераводу ў ІІІ клінічную групу;
- пункт пра захворваньні шчытавіцы разьбілі на два падпункты;
- і гэтак далей.
У Беларусі раней вырашылі адкласьці ўступную кампанію ў сувязі з каранавірусам, даты цэнтралізаванага тэставаньня зьмянілі на тыдзень ці два.
Графік выпускных іспытаў у школах можа быць трохі адкарэктаваны ў залежнасьці ад зьместу прадметаў. Што да выпускных вечароў у школах, Міністэрства адукацыі прапануе вырашаць гэта пытаньне індывідуальна ў кожнай навучальнай установе.
На Petitions.by зьбіралі подпісы за скасаваньне выпускных і перанос уступных іспытаў у Беларусі. 27 траўня зварот з амаль 10 тысячамі подпісаў адправілі ў Міністэрства адукацыі і Адміністрацыю прэзыдэнта.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.