27 траўня з Флорыды на Міжнародную касьмічную станцыю меўся паляцець амэрыканскі касьмічны карабель з экіпажам. Запуск касьмічнага карабля Crew Dragon з двума астранаўтамі быў заплянаваны на 23:30 паводле менскага часу. Але старт перанесьлі на суботу, 30 траўня. Паведамляецца, што гэта адбылося празь неспрыяльныя ўмовы надвор'я.
Гэта абсалютна новы тып касьмічнага карабля, з сучаснымі тэхналёгіямі. На такім людзей у космас маюць запусьціць упершыню.
Будову карабля фінансавала прыватная карпарацыя SpaceX Ілана Маска, і гэта таксама ўпершыню ў гісторыі, калі прыватная кампанія ў супрацы з NASA мае даставіць экіпаж на Міжнародную касьмічную станцыю і назад на Зямлю. У SpaceX успрымаюць гэта як гістарычную місію.
Уся сыстэма кіраваньня новага карабля, распрацаванага не дзяржаўнай установай, а прыватнай кампаніяй, адрозьніваецца ад караблёў Space Shuttle, якія выкарыстоўваліся ў ЗША да 2011 году. Пасьля гэтага Амэрыка ўжывала толькі расейскія ракеты і касьмічныя караблі «Союз», каб дастаўляць амэрыканскіх астранаўтаў на арбіту і назад, заплаціўшы Расеі больш як 3,5 млрд даляраў.
Your browser doesn’t support HTML5