Былы палітвязень і колішні лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч заявіў у эфіры Радыё Свабода, што яму сорамна за лідэраў апазыцыі, якія, на яго думку, падманвалі актывістаў і 26 гадоў займаліся «зусім ня тым, што трэба было рабіць».
Падчас дыскусіі з публіцыстам і паэтам Стасем Карпавым Дашкевіч прызнаўся, што ён дзякуе Богу, што падчас апошніх чатырох прэзыдэнцкіх кампаній апазыцыя не прыйшла да ўлады.
«Мы шукалі кандыдата ў 2001 годзе, стаялі, плакалі, калі нам кандыдат разам з кіраўніцай штабу сказалі «Расхадзіцесь, мы пабядзілі. Мы пішам скаргі ў ЦВК». Мы шукалі яго ў 2006 годзе, калі нам сказалі: «Рабяты, мы набралі шмат галасоў, пойдзем кветкі ўскладаць». У 2010 годзе шукалі кандыдата, калі сабраліся на плошчы і ня ведалі, што рабіць зь людзьмі і што гаварыць у мэгафоны. Першыя суткі пасьля арышту, у камэры, я грыз локці, што не пасьпеў дайсьці да Плошчы і не зрабіў тое, што марыў зрабіць усё жыцьцё. А праз пару гадоў я сядзеў у турме і дзякаваў Богу, што ні ў 2001-м, ні ў 2006-м ці 2010-м гэтыя людзі не перамаглі. І цяпер я абсалютна цьвяроза гэта кажу і ўсьведамляю. Дзякуй Богу, што гэтыя людзі не перамаглі і што разам зь імі не перамаглі і мы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы рабілі ўсё няправільна, я рабіў глупствы». Падкаст-спрэчка Дашкевіча і Карпава без мадэратараПаводле былога палітвязьня і лідэра «Маладога фронту», апазыцыя «разадрала б Беларусь паміж Захадам і Ўсходам, заходнімі і ўсходнімі фондамі».
«Пра гэта можна доўга гаварыць, што было б зь Беларусьсю нават з найлепшым кандыдатам Мілінкевічам, у якога кіраўніком штабу быў камуніст Калякін, які агітаваў за адзіную валюту і саюзную дзяржаву. Яны б здалі Беларусь, як палітолягі пішуць, як і Кебіч здаў бы ў 90-я, калі б ня вылез гэты адурманены ўладай».
Дашкевіч лічыць, што ўсе апошнія прэзыдэнцкія выбарчыя кампаніі завяршаліся для прыхільнікаў пераменаў «расчараваньнямі, дэпрэсіямі, зьездамі з краіны і пракляцьцямі на адрас апазыцыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «Жыве Беларусь!» да «Беларусь жуе?!» Краўцэвіч пра эвалюцыю беларускага пратэстуУ 2006 годзе Дашкевіча асудзілі на паўтара года пазбаўленьня волі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Напярэдадні выбараў 2010 году яго арыштавалі і празь некалькі месяцаў асудзілі на 2 гады калёніі паводле абвінавачаньня ў злосным хуліганстве. Арганізацыя Amnesty International прызнала Зьмітра Дашкевіча вязьнем сумленьня.
Слухайце дыскусію Зьмітра Дашкевіча і Стася Карпава.