Камітэт па правах чалавека (КПЧ) ААН вынес рашэньне аб прымяненьні часовых мер да грамадзяніна Турэччыны Хіджры Мамаша, якога Беларусь зьбіраецца выдаць у Турэччыну, дзе яму пагражаюць катаваньні, піша Human Constanta.
Human Constanta зьвярнулася ў КПЧ са скаргай, бо раней прасіла беларускія ўлады не выдаваць Мамаша Турэччыне. На думку праваабаронцаў, яму на радзіме пагражаюць катаваньні.
КПЧ патрабуе ад беларускага ўраду прыпыніць перадачу курда да разгляду скаргі па сутнасьці ў Камітэце ААН. Разам з тым адзначаецца, што канчатковае рашэньне па-ранейшаму застаецца за беларускім бокам.
Актывіст прадстаўленай у турэцкім парлямэнце Дэмакратычнай партыі народаў курд Хіджры Мамаш уцёк з Турэччыны ў Ірак, бо яму пагражалі перасьледам за палітычную дзейнасьць. Пазьней малады чалавек мусіў уцячы і з Іраку, бо, як ён сьцьвярджае, турэцкія спэцслужбы выкрадаюць курдзкіх актывістаў і там. Улетку мінулага году Хіджры Мамаш паспрабаваў перабрацца ў Эўропу, дзеля чаго ў Ерэване з чужым пашпартам сеў на самалёт, які ляцеў у Бялград празь Менск. Але ў Менску Хіджры Мамаша затрымалі беларускія памежнікі, ён быў зьмешчаны ў ізалятар, дзе адразу папрасіў палітычнага прытулку і дапамогі ў Беларусі.
На пачатку году Дэпартамэнт па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі адмовіўся даць Хіджры Мамашу прытулак ды прыняў рашэньне дэпартаваць яго, а ў красавіку Цэнтральны раённы суд Менску гэтае рашэньне пацьвердзіў.