Бел-чырвона-белы сьцяг за Бабарыку і чарга да Ціханоўскай. Як зьбіраюць подпісы

Колькі подпісаў можна сабраць за дзень і што гавораць людзі на просьбу падпісацца — паглядзелі, як стаяць у пікетах сябры розных ініцыятыўных груп. Пікета, дзе зьбіраюць подпісы «за Лукашэнку», так і не знайшлі.

Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі >>

Афіцыйна этап збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў пачаўся адразу ж пасьля рэгістрацыі ініцыятыўных груп 20 траўня. Аднак на практыцы зьбіраць подпісы патэнцыйныя кандыдаты пачалі ў лепшым выпадку на наступны дзень, калі атрымалі падпісныя лісты і пасьведчаньні для сябраў сваіх ініцыятыўных груп.

Збор подпісаў за Валера Цапкалу. Сам патэнцыйны кандыдат таксама прыйшоў (у цэнтры)

Праўда, адзін зь першых пікетаў Сяргей Чэрачань зладзіў ля Камароўкі проста ў дзень рэгістрацыі — некалькі гадзін у атачэньні хлопцаў, дзяўчат і музыкаў ён прастаяў ля Камароўскага рынку.

Пікет Сяргея Чэрачаня ля Камароўкі

Іншыя патэнцыйныя кандыдаты пачалі расстаўляць пікеты пазьней. Каманда Віктара Бабарыкі, напрыклад, толькі пасьведчаньні сябрам сваёй ініцыятыўнай групы раздавала некалькі дзён. Першыя свае «афіцыйныя пікеты» яны выставілі ў сераду 27 траўня.

Свабода паназірала, як зьбіралі подпісы за вылучэньне кандыдатаў на вуліцах Менску ў першы тыдзень пасьля рэгістрацыі ініцыятыўных груп.

«Я зраблю!»

Пятніца, 22 траўня, пікет былой дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай ля ГУМа. У пікеце двое мужчын у масках. Ля іх невялікі банэр з партрэтам патэнцыйнай кандыдаткі і лёзунгам «Я зраблю!». Што зьбіраецца «зрабіць» Ганна ў выпадку свайго абраньня, пакуль не зразумела. Агітацыя забароненая заканадаўствам да моманту выдачы пасьведчаньняў кандыдатаў. На адваротным баку банэра — кароткая біяграфія спадарыні Ганны. Пачынаецца яна згадкай пра тое, што Канапацкая — дачка беларускага мільянэра.

«Мы тут усяго толькі гадзіну стаім, — кажа адзін са зборшчыкаў, які прадстаўляецца Мацьвеем. — Па горадзе некалькі пікетаў павінна быць. Здаецца, на канцавых прыпынках мэтро сёньня нешта плянавалі паставіць.

У нас за гадзіну падпісалася каля 30 чалавек, яшчэ не лічылі. Падпісныя лісты розныя. Людзі падыходзяць. Адзін нават з машыны выскачыў. BMW ехала па праспэкце, спынілася, адтуль хуценька кіроўца выйшаў. Кажа, давайце падпішуся хутчэй, пакуль ДАІ не аштрафавала. Дзяўчына толькі што была на ровары, але бяз пашпарта. Паехала дадому, вярнулася ўжо з дакумэнтамі. Увогуле людзі часта падыходзяць бяз пашпарта, мы тады ня можам прыняць подпіс. Трэба, каб усе дадзеныя былі правільна запісаныя».

Па словах Мацьвея, у Менску ў Ганны Канапацкай штодня некалькі пікетаў. Асноўнымі пунктамі ў штабе абралі канцавыя станцыі на лініях мэтро, а таксама плошчу Якуба Коласа. Назіраем за пікетам ля ГУМа каля 15 хвілін. За гэты час падпісацца за вылучэньне Ганны Канапацкай у якасьці кандыдаткі на пасаду прэзыдэнта падыходзяць тры жанчыны.

«Бабуля ўчора падпісвалася, 1929 году нараджэньня»

Самы буйны выбарчы пікет кампаніі-2020 у Менску прайшоў у нядзелю 23 траўня. Паглядзець на Сяргея Ціханоўскага і падпісацца за вылучэньне ягонай жонкі Сьвятланы прыйшло каля 3000 чалавек. Прынамсі, так кажа сам Ціханоўскі. Чэргі з ахвотных паставіць подпіс цягнуліся ад Камароўкі да самай плошчы Якуба Коласа. У аўторак 26 траўня людзей ля пікета Сьвятланы Ціханоўскай было значна менш, але чарга захавалася.

«Мы тут кожны дзень з 12 да 20 гадзіны стаім, — кажа адзін са зборшчыкаў подпісаў, які прадстаўляецца Віталём. — Гэты пікет пастаянна працуе. Пачынаючы зь нядзелі ён будзе працаваць да 20 чэрвеня.

Чарга ў нас тут не заўсёды ёсьць, але людзі пастаянна падыходзяць. Колькі за дзень подпісаў зьбіраем? Цяжка сказаць. Учора, напэўна, 300–400 сабралі. Магчыма, нават 500, я дакладна не магу сказаць. Калі нехта з рэгістрацыяй ня ў Менску, то трэба яму новы падпісны ліст даваць, таму падлічыць складана. Вось бачыце, колькі ў нас тут падпісных лістоў?

У Менску яшчэ ёсьць іншыя пікеты за Сьвятлану Ціханоўскую. 4–5 пунктаў у горадзе ёсьць. Я хоць і каардынатар сам, але галава ўжо кругам пайшла, блытаюся. Людзі з розных гарадоў і вёсак нават прыяжджаюць падпісацца. Бабуля ўчора была, яна 1929 году нараджэньня. Прыехала і падпісалася. Іншых пікетаў тут ля Камароўкі я ня бачыў».

Пікет Ціханоўскай упрыгожаны тапкамі розных памераў, а таксама чамусьці разарваным беларускім пашпартам.

«За Лукашэнку толькі адну жанчыну сустрэў»

«Афіцыйныя» пікеты па зборы подпісаў зьявіліся ў Менску толькі 27 траўня — адразу ў 11 месцах сталіцы Беларусі. На гэты момант, калі верыць выбарчаму штабу патэнцыйнага кандыдата Віктара Бабарыкі, за яго вылучэньне падпісалася ўжо 35 тысяч чалавек. «Неафіцыйныя» пікеты, арганізаваныя ня штабам, а самімі сябрамі ініцыятыўнай групы, можна было заўважыць у горадзе раней. Напрыклад, увечары аўторка 27 траўня ля ГУМа, дзе пад бел-чырвона-белым сьцягам подпісы за былога банкіра зьбірала пара студэнтаў.

Віктар Бабарыка з сынам Эдуардам падчас падачы дакумэнтаў у ЦВК. 15 траўня 2020 году

«Мы некалькі хвілін тут стаім усяго, толькі прыйшлі, — кажа адзін са зборшчыкаў, студэнт БДУ Алесь. — Подпісы за Віктара Бабарыку зьбіраем. Учора мы на праспэкце ля МакДональдсу стаялі гадзіны дзьве, чалавек 20 падпісалася. Чаму зь бел-чырвона-белым сьцягам стаім? Як я чуў, Віктар Бабарыка падтрымлівае абодва варыянты сымболікі, а для мяне гэты сьцяг — вялікая каштоўнасьць».

Алесь кажа, што ўсур’ёз удзельнічае ў выбарах упершыню. Падтрымлівае Бабарыку, бо ён «адзін з найбольш прыстойных».

«Я падтрымліваю ўсіх, хто выступае супраць Лукашэнкі. Мы яшчэ ходзім па кватэрах. Зайшлі ў першую кватэру і там сустрэлі чалавека з ініцыятыўнай групы Бабарыкі. Некаторыя баяцца падпісвацца. Адна жанчына нам так і сказала, што баіцца. Але шмат хто падпісваецца. Кажуць, абы не Лукашэнку. Ціханоўскага, Цапкалу, Бабарыку, абы не яго. Такіх, каб выключна Лукашэнку падтрымлівалі, я толькі адну жанчыну сустрэў. Сказала, што важна, каб не было вайны».

Збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты працягнецца да 19 чэрвеня. Кожная з ініцыятыўных груп павінна набраць ня менш як 100 тысяч. Рэгістрацыя саміх кандыдатаў адбудзецца ў першых чыслах ліпеня. Першы тур выбараў заплянаваны на 9 жніўня.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.