Гомельскі гарадзкі сацыяльна-пэдагагічны цэнтар — на замку. Па тэлефонах адміністрацыі прытулку за працоўны дзень ніхто не адказаў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Тут толькі я, вартаўнік. Адміністрацыя на бальнічным, дзеці ўсе ў шпіталі як „кантакты“», — адказаў Свабодзе вартаўнік.
Сваякі дзяцей — сацыяльных сірот расказалі, што ў прытулку ўспышка каранавірусу. Захварэла адна зь дзяўчынак, астатніх сацыяльных сірот забралі ў шпіталь як «кантактаў першага ўзроўню». Пахварэлі і супрацоўнікі — яны цяпер на бальнічным.
Намесьнік начальніка ўпраўленьня адукацыі Гомельскага гарвыканкаму Алена Парошына сказала Свабодзе, што пакуль ня можа даць аніякіх камэнтароў наконт дзейнасьці сацыяльна-пэдагагічнага цэнтру.
Сацыяльна-пэдагагічны цэнтар працуе ў Гомлі з 2000 году. Яго падразьдзяленьне — прытулак для сацыяльных сірот — разьлічана на 30 дзяцей ад 3 да 18 гадоў. Тут чатыры групы выхаванцаў — дашкольная, дзяўчынкі, хлопчыкі і рознаўзроставая.
У прытулак трапляюць у асноўным дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небясьпечным становішчы і «сацыяльныя сіроты», якіх адабралі ў бацькоў, бо тыя паводзілі сябе супрацьпраўна ці амаральна, перадусім — злоўжывалі алькаголем.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ