Пячэрскі раённы суд Кіева падоўжыў траім падазраваным у забойстве беларускага журналіста Паўла Шарамета меры папярэдняга ўтрыманьня. Пасяджэньні праходзілі асобна ў кожным выпадку, апошняе зь іх, датычнае Юліі Кузьменкі, завяршылася сёньня, 26 траўня, у 2 гадзіны ночы.
Вайсковец Андрэй Антоненка і дзіцячы кардыяхірург Юлія Кузьменка застануцца ў сьледчым ізалятары яшчэ на 60 дзён, а мэдсястра Яна Дугар — пад начным хатнім арыштам з магчымасьцю выйсьці на свабоду ў выпадку сплаты грашовага закладу ў памеры 168 тысяч грыўняў (6,2 тысячы даляраў у эквіваленце).
Яна Дугар застанецца пад хатнім арыштам да моманту фактычнай выплаты вызначанага судом памеру грашовага закладу. Яе адвакаты перакананыя, што суд ухваліў такое рашэньне з разьлікам на тое, што падазраваная ня зможа своечасова сабраць і выплаціць гэтыя грошы.
«Абгрунтаваньне закладу абсалютна абсурднае. Маўляў, за 9 гадоў яна зарабіла 508 тысяч грыўняў - гэта прыблізна 4,5 тысячы за месяц. І ім жа добра вядома, што Яна сірата і ня мае іншага даходу. Гэта велізарная сума для Яны», — сказаў яе адвакат Віталь Каламіец.
Сёньня адвакаты Яны Дугар плянуюць абскардзіць гэтае рашэньне. Адначасова яны адкрылі рахунак, на які пачалі зьбіраць грошы для выплаты закладу.
«Заклад мусіць быць аплачаны цягам 5 дзён», — удакладнілі адвакаты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледзтва перагледзела ролю падазраваных у забойстве Шарамета: цяпер арганізатары не называюцца22 траўня стала вядома, што сьледзтва перагледзела ролю дваіх падазраваных у забойстве Паўла Шарамета. У прыватнасьці, Андрэй Антоненка ўжо ня лічыцца арганізатарам гэтага злачынства. Паводле сьледчых, Юлія Кузьменка заклала выбуховую прыладу пад аўтамабіль, хоць раней яна падазравалася яшчэ і ў выкананьні забойства. Роля Яны Дугар засталася, як і раней – яна нібыта зьбірала інфармацыю пра графік перамяшчэньня Паўла Шарамета і фіксавала месцы разьмяшчэньня камэраў вонкавага назіраньня паблізу і на месцы злачынства.
У новым тэксьце падазрэньня зьмянілі і матывы іхнага злачынства — цяпер ужо не акцэнтуюць на захапленьні «ультранацыяналістычнымі ідэямі» і «культываваньні велічнасьці арыйскай расы».
Апроч таго, усім траім дадаткова інкрымінуюць незаконны выраб выбухоўкі і зьнішчэньне маёмасьці (аўтамабіля).
Выканаўчы дырэктар «Українськай правды», вядоўца радыёстанцыі «Вести» Павал Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня 2016 году ад выбуху машыны ў цэнтры Кіева.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзіцячы хірург, кантрактнік, валянтэрка. Што вядома пра падазраваных у забойстве Шарамета