Цапкала раскрытыкаваў «арыстакратызацыю» беларускага спорту, заклікаў яго дэмакратызаваць

Валеры Цапкала падчас прэс-канфэрэнцыі 21 траўня

Экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналёгій Валеры Цапкала, які плянуе балятавацца на пасаду прэзыдэнта Беларусі, падзяліўся думкай пра становішча спорту ў краіне.

Адказваючы падчас стрыму ў сваім YouTube-канале на пытаньне, якія дысцыпліны ён хацеў бы разьвіваць і ці трапляе ў гэты пералік любімы дзейным кіраўніком Лукашэнкам хакей, Цапкала адказаў, што, нягледзячы на вялізныя ўкладаньні, Беларусь страціла пазыцыі «хакейнай дзяржавы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палацавы пераварот». Навошта Беларусі нерэнтабэльныя лядовыя арэны

«Глядзіце: Алімпіяда ў Солт-Лэйк-Сіці-2002, Беларусь заняла чацьвёртае месца. Алімпіяда ў Нагана ў 1998 годзе, Беларусь таксама ў ліку вядучых хакейных камандаў. Мы сапраўды былі ў топе. А сёньня зьявіліся Нарвэгія, Данія, Нямеччына, Францыя, Славаччына, Латвія. І Беларусь ужо выпала з найвышэйшага эшалёну. А сьледам і менскае «Дынама», — панаракаў прэтэндэнт на прэзыдэнта.

Цапкала нагадаў, што за часамі СССР працаваў у савецкай амбасадзе ў Фінляндыі і бачыў, як фіны ставяцца да хакею. Невялікія надзіманыя пляцоўкі, якія яны проста разгортвалі, ставілі халадзільнік — і ў кожнай вёсцы хлопцы гулялі ў хакей. Краіна, маючы 5 мільёнаў насельніцтва, уваходзіць у чацьвёрку вядучых хакейных дзяржаваў сьвету. Прыкладна гэтаксама ў Чэхіі, Швэцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хакейную зборную Беларусі распусьцілі па хатах у сувязі з каранавірусам

«Таму, калі хакей разьвіваць, то трэба браць досьвед там, дзе краіны яго культывуюць і сапраўды дасягнулі значных посьпехаў. У кожнай вёсцы, у кожным населеным пункце надзьмуў — і гэта будзе таньней, чым будаваць вялізныя дарагія палацы. Можа, яны фармуюць пэўнае гарадзкое аблічча, але зразумела, што для масавага спорту гэта ня выйсьце», — пакрытыкаваў ухіл у капітальнае будаўніцтва Цапкала.

Ён дадаў, што выступае не за «арыстакратызацыю» спорту, калі гэта становіцца занадта дарагім задавальненьнем, а за яго «дэмакратызацыю». Чым больш людзей будуць уцягнутыя ў розныя дысцыпліны, тым лепш, перакананы ён.