Ці мае шанцы на посьпех беларуская альтэрнатыва-2020, ці няма нічога новага пад палітычным сонейкам у Беларусі? На каго і на што разьлічваюць Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі? Чаму Бабарыка шукае падтрымкі ў Фэйсбуку? Што будзе з Бабарыкам і Ціханоўскім пасьля выбараў?
Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць:
- сацыёляг Алена Арцёменка,
- заснавальнік і ўласнік гомельскага інтэрнэт-рэсурсу «Моцныя навіны» Пётар Кузьняцоў,
- відэаблогер Сьцяпан Сьвятлоў (NEXTA),
- публіцыст, паліттэхноляг Аляксандар Фядута.
Арцёменка: І па апытаньнях, і па сваім досьведзе мы бачым, што эканамічнае самадчуваньне істотна пагаршаецца. І гэта зьніжае давер да інстытутаў улады. Але ў межах пандэміі яшчэ ніводзін рэжым не сканаў. Электарат трымаецца хоць нейкай стабільнасьці.
Кузьняцоў: Фэйсбучнае «гета» на ўсё глядзіць са сваёй званіцы. І яно неадэкватна ўспрыняла першыя прамовы Бабарыкі. Ні ў 2006-м, ні ў 2010-м, ні ў 2015-м ніякія альтэрнатыўныя кандыдаты не разьлічвалі на электаральную перамогу. Бабарыка - першы, хто бярэцца гэта зрабіць. На гэта ёсьць попыт.
Сьвятлоў: І да Бабарыкі, і да Ціханоўскага прыходзяць людзі, якія раней мала цікавіліся палітыкай. Акцыя кшталту пікету Ціханоўскай пераканала людзей, што гэта бясьпечна і гэта магчымасьць адстойваць свае пазыцыі.
Фядута: Нічога новага, ёсьць толькі пэўныя мадыфікацыі. Ёсьць больш памяркоўны кандыдат, які зьвяртаецца да той часткі грамадзтва, якая баіцца радыкалізму. У 2001 годзе ў яго было аблічча Ганчарыка. І ёсьць больш радыкальны кандыдат – Сяргей Ціханоўскі, хай сабе і ў выглядзе ягонай жонкі. І гэта таксама было.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.