Норкі з каранавірусам заразілі двух чалавек у Нідэрляндах, што, верагодна, было першым гэткім шляхам перадачы інфэкцыі падчас эпідэміі, заявілі ўлады і ўстановы аховы здароўя ў панядзелак. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.
Норкі-носьбіты вірусу былі выяўленыя на чатырох з 155 фэрмах, дзе іх гадуюць дзеля футра, заявіла міністарка сельскай гаспадаркі Карала Шутэн ў лісьце да парлямэнту, у якім падрабязна расказала аб двух выпадках заражэньня.
Яна сказала, што рызыка такой перадачы вірусу ад жывёлы чалавеку па-за межамі фэрмаў вельмі «нязначная».
Было выяўлена, што на трох з чатырох заражаных фэрмаў крыніцай інфэкцыі быў хворы чалавек, а на чацвёртай усё яшчэ вядзецца расьсьледаваньне, сказала міністарка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каты хварэюць цяжэй. Ці небясьпечны каранавірус для хатніх гадаванцаў?Дырэктар Нідэрляндзкага інстытуту здароўя (RIVM) Яап ван Дысэль заявіў, што, хоць некалькі катоў і іншых жывёл былі заражаныя вірусам COVID-19 людзьмі, гэтая перадача вірусу ад норкі да чалавека практычна унікальная.
«Упершыню мы выявілі, або прынамсі даказалі, што гэта магчыма, што ў двух выпадках інфэкцыя перайшла ад жывёлы да чалавека», — паведаміў ён у панядзелак у парлямэнце.
«Вядома, першапачатковай крыніцай заражэння ў Кітаі таксама хутчэй за ўсё былі жывёлы».
Закон, які забараняе гадоўлю норак у Нідэрляндах, быў прыняты ў 2013 годзе, апошнія гаспадаркі маюць спыніць сваю дзейнасць у 2023 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У катоў ва Ўхані знайшлі каранавірус. У горадзе Шэньчжэнь іх ужо забаранілі есьці