У першым квартале даходы кансалідаванага бюджэту Беларусі зьменшыліся ў рэальным выражэньні на 5,5% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась, гаворыцца ў справаздачы Мінфіну аб стане дзяржаўных фінансаў.
За студзень-сакавік 2020 году даходы кансалідаванага бюджэту склалі 8,7 мільярда рублёў.
Адносіны даходаў кансалідаванага бюджэту да валавога ўнутранага прадукту склалі 28,7%. Пры гэтым у першым квартале 2019 году гэты паказчык складаў 30,9%, а ў першым квартале 2018 году — 32,6%.
Асноўная доля даходаў кансалідаванага бюджэту (85,6%) сфармавалася за кошт падаткаў — 7,4 мільярда рублёў. У параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2019 году паступленьні зьменшыліся на 2,2% у намінальным выражэньні (у рэальным выражэньні — на 6,2%).
Найбольшую ўдзельную вагу (91%) у агульным абʼёме падатковых паступленьняў занялі: падатак на дабаўленую вартасьць (43,8%), падаходны падатак (20,5%), падатковыя даходы ад зьнешнеэканамічнай дзейнасьці (9,6%), акцызы (9,5%), падаткі на ўласнасьць (4,6%), падатак на прыбытак (3%).
За студзень-сакавік 2020 году па падатку на дабаўленую вартасьць паступіла 3,3 мільярда рублёў. Паступленьні ад падаходнага падатку склалі 1,5 мільярда рублёў.
Пры гэтым падатковыя даходы бюджэту ад зьнешнеэканамічнай дзейнасьці склалі 711,2 мільёна рублёў і зьменшыліся на 38,5% у намінальным выражэньні, на 41,1% — у рэальным.
Даходы бюджэту ад падатку на ўласнасьць склалі 343,2 мільёна рублёў і зьменшыліся на 12,7% у намінальным выражэньні і на 16,3% — у рэальным.