Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый зьвярнуўся да міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка з просьбай растлумачыць пытаньні арганізацыі выязнога, уязнога і ўнутранага турызму падчас пандэміі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Як адзначаецца ў звароце, многія краіны ўжо распрацавалі пратаколы, паводле якіх будзе функцыянаваць турыстычная сфэра; у Беларусі пытаньні з арганізацыяй турызму таксама ўзьнікаюць, нягледзячы на адсутнасьць карантынных захадаў.
У саюзе просяць:
- патлумачыць арганізацыю ўнутраных групавых паездак для мясцовых турыстаў (як і ці будзе арганізавана дыстанцыяваньне на турыстычных аб’ектах паказу і ці неабходная такая дыстанцыя пры рассаджваньні турыстаў у экскурсійных аўтобусах; ці патрэбны нейкія адмысловыя рэкамэндацыі для ўязных турыстаў)
- даць беларускім фірмам, якія займаюцца ўязным турызмам, дакладныя інструкцыі — як наконт самаізаляцыі, так і аб іншых тэхнічных момантах, зьвязаных са здароўем гасьцей Беларусі (у тым ліку ў сувязі з абавязковым 14-дзённым карантынам для ўсіх, хто прыбывае з-за мяжы).
- для кампаній, якія займаюцца выязным турызмам, актуальнае пытаньне, ці можна будзе арганізаваць правядзеньне тэстаў на COVID-19 і выдачу даведак (на платнай ці бясплатнай аснове, дзяржаўнымі і прыватнымі клінікамі) турыстам, якія едуць у краіны, дзе пры ўезьдзе патрабуюць даведкі аб адсутнасьці каранавірусу.
- беларускія гатэлі сёньня могуць толькі глядзець на досьвед замежных калегаў, якія зацьвярджаюць новыя пратаколы прыёму турыстаў — загрузка, харчаваньне, арганізацыя абслугоўваньня і сэрвісу, але ім патрэбны рэкамэндаваныя меры ў гэтым выпадку.
«Рэспубліканскі Саюз турыстычных арганізацый асабліва падкрэсьлівае, што пытаньні перамяшчэньня грамадзян — як з-за мяжы, так і за мяжу — гэта не выключна праблемы турбізнэсу і асабістых падарожжаў. Эканоміка ў цэлым таксама завязаная на дзелавых паездках, таму распрацоўваць пратаколы перасоўваньняў трэба ўжо сёньня», — гаворыцца ў звароце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія турфірмы заявілі пра пагрозу бізнэсу ад каранавірусуШто трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ