Нядаўна ў выдавецтве «Галіяфы» выйшла кніга «Дыялёг», у якой зьмешчаны два творы: «Любіць ноч — права пацукоў» (1998) Юрыя Станкевіча і «Ўдог» (2001) Франца Сіўко.
Абодва творы ў свой час зрабілі на мяне моцнае ўражаньне, якое ня сьцерлася з памяці па сёньняшні дзень. Таму я ня мог прамінуць гэтай выдавецкай нагоды, каб не запытацца ў пісьменьнікаў, сярод іншага, пра прычыны іхнага сумеснага выданьня. Я задаў абодвум аўтарам аднолькавыя пытаньні. Атрымалася нешта накшталт завочнага «дыялёгу» або двухгалосься на зададзеную тэму.
— Ад каго выйшла ідэя выдаць «Удог» і «Любіць ноч — права пацукоў» пад адной вокладкай?
Юры Станкевіч: Неяк у размове са спадаром Францам, якога я лічу адным з самых сур’ёзных сучасных аўтараў, выявілася, што праблема і тэма мігрантаў, разбурэньня імі мэнтальнасьці і этнічнай адметнасьці аўтахтонаў — усё, зьвязанае з гэтай тэмай, — ня страціла сваёй вастрыні і цяпер, праз два дзесяцігодзьдзі, калі былі напісаны «Ўдог» і «Любіць ноч — права пацукоў». Нават наадварот, пра што сьведчаць падзеі ў нас, у Эўропе і ня толькі ў ёй. Так узьнікла думка выдаць блізкія тэматыкай творы пад адной вокладкай.
Франц Сіўко: Гэта было сумеснае рашэньне аўтараў. І грунтавалася яно на сугучнасьці нашых са спадаром Юрыем поглядаў на літаратуру і яе задачы. А найперш — на пэрыпэтыі нашага айчыннага грамадзкага ўладкаваньня і зьвіхі ды мэтамарфозы нацыянальнага сьветаадчуваньня. Мабыць, у пэўнай ступені сталася падмуркам супольнага праекту і ўзаемная асабістая сымпатыя, хаця мы сустракаліся і размаўлялі за ўвесь час «ужывую» толькі аднойчы, падчас пісьменьніцкага зьезду прыкладна дзесяць (калі ня болей) гадоў таму.
— Чаму, па-вашаму, гэтыя два творы варта было аб’яднаць у адным выданьні? Ці ёсьць у іх нешта агульнае, што апраўдвае такое выданьне?
Юры Станкевіч: Грамадзтва спрадвечна хоча зьнішчыць творцу, — лічыць, прыкладам, вядомы францускі пісьменьнік Мішэль Уэльбэк. Але і ў яго ёсьць уражальныя месцы, болевыя пункты: варта націснуць на іх — і пачынаецца крык. Магчыма, у гэтым і ёсьць задача пісьменьніка, упэўнены Уэльбэк.
Экспансія іншых — тэма цяпер знаёмая ўсім. Асабліва нам, беларусам, якім стагодзьдзямі пагражае ардынская небясьпека з Усходу. Разбурэньне нашай еднасьці — гэта злачынства. А без нацыянальнай ідэі мы будзем мець хіба што аганізуючае дэградацыйнае плято. Краіна да скону будзе непаўнавартаснай дзяржавай, пакуль у рамках менавіта нацыянальнай ідэі ня вернуцца адзіная дзяржаўная мова, бел-чырвона-белы сьцяг, гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», за які, дарэчы, яго стваральнікі заплацілі жыцьцямі, герб «Пагоня» і гістарычная памяць. Зьнікнуць «ільлічы». Гэта галоўнае, а ня рохканьне і віск пра эканоміку. «Народ, які ведае, НАВОШТА яму жыць, можа вытрымаць любое ЯК» — геніяльна адзначыў вядомы філёзаф яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі.
Бліскучы твор Франца Сіўко і мой раман «Любіць ноч — права пацукоў», які меў пэўны рэзананс у грамадзтве, якраз несьлі тое агульнае, дзеля чаго варта іх аб’яднаць, ды ставілі рубам балючыя для нас пытаньні.
Франц Сіўко: Што да агульнага, то гэта, вядома ж, нялюбая ў пэўных колах нашага грамадзтва (і не абавязкова толькі ва ўладных ці праўладных, але часам і ў зусім дэмакратычных) скіраванасьць абодвух твораў на сьцьвярджэньне прыярытэту нацыянальных каштоўнасьцяў. Пры ўсёй рознасьці падыходаў да падачы матэрыялу і, можа, нейкіх разыходжаньняў у поглядах аўтараў на асобныя рэчы і зьявы, падабенства гэтае не выклікае сумневу. Яго наяўнасьць часта пацьвярджаюць чытачы падчас творчых сустрэч. Ды і факт, што прадмовы да выданьня замаўляць не давялося, а яна даўно была ў навукоўца гатовая і быццам знарок чакала друку ў суседзтве з аналізаванымі ў ёй творамі, якраз пра гэта сьведчыць. Але, калі б нават гэтага і не было, хіба аднаго толькі жаданьня аўтараў выдаць сумесны зборнік, тым больш уласным коштам, было б недастаткова? Нават калі б гэта былі творы і зусім розных жанраў ды скіраванасьці.
— Ці лічыце вы свой твор, апублікаваны ў кнізе «Дыялёг», найлепшым з таго, што вы напісалі?
Юры Станкевіч: Вядома, не лічу. Магчыма, ён адметны формай, але гэта проста літаратурны націск на болевы пункт грамадзтва, ня болей.
На мой погляд, выйшлі ў друк мае больш значныя рэчы: раман-антыўтопія «П’яўка», напрыклад, шэраг аповесьцяў і г. д.
Франц Сіўко: Падобным пытаньнем, толькі, праўда, з гатовым адмоўным на яго адказам у падтэксьце я ўжо сутыкаўся раней. Гучала яно з вуснаў аднаго няўрымсьлівага крытыка, які, відаць, пад усё хацеў бы падкласьці свае доўгія рукі і якому з поўным правам можна было б сёньня тое пытаньне разам з падтэкстам пераадрасаваць з нагоды нядаўняга выданьня ім самім уласнае кніжкі.
Ці лічу я «Ўдог» найлепшым сваім творам? Але, лічу. Хаця дасканалым, вядома ж, не. І, як на сёньняшні розум, напэўна, рабіў бы яго крыху іначай. Больш, так бы мовіць, экзыстэнцыйна-асобаснага складніка ды псыхалёгіі, кажучы словамі Гогаля, «падпусьціў бы», больш рэльефнасьці характарам пэрсанажаў надаў бы. Хаця і ня факт, вядома, што было б яно, усё тое дарабляньне-ўдасканальванньне, на карысьць сюжэту.
Што да Юрыя Станкевіча, то тут упэўнены: безумоўна, гэта найлепшы ягоны твор, бясспрэчная ўдача. І толькі дзівіцца застаецца, як аўтар такога ўзроўню, як Станкевіч, ані разу ні дзяржаваю, ні калегамі ня быў уганараваны. Ужо ж можна было б, калі ў фармат ня ўпісваецца, і адмысловую якую-небудзь прэмію з увагі на значнасьць творчага даробку прыдумаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юры Станкевіч: Марціновіч і Бахарэвіч — публіцысты, а Горвата я прачытаў нават два разы— Вы жывяце ў правінцыі. Наколькі месца пражываньня і/або аддаленасьць ад сталіцы ўплывае на вас як на пісьменьніка? Ці адчуваеце вы ў нечым сваю «правінцыйнасьць», то бок адрознасьць ад пісьменьніцкай долі калегаў зь Менску?
Юры Станкевіч: Асабіста я не адчуваю. Хоць ёсьць свае плюсы і мінусы з абодвух бакоў. Каля 30 гадоў я пражыў у Менску, цяпер у Барысаве — горадзе, які ня вельмі люблю і нават аднойчы назваў у друку «апошнім месцам на Зямлі». Але гэта ня так і важна. Вось мой сябра Алесь Пушкін, выдатны мастак эўрапейскага ўзроўню, жыве ў маленькім Бабры, што не перашкаджае яму быць у авангардзе жывапісу. Урэшце, многія «гранды» літаратуры жылі ў маленькіх гарадках: У. Фолкнэр, Дж. Апдайк, нават Пруст рэдка вылазіў са сваёй кватэры, дзе сьцены былі абабітыя коркавым пакрыцьцём.
Я сам рэдка выяжджаў за межы рэспублікі. А пры бальшавіках выезд за мяжу быў увогуле немагчымы. Тым больш такому, як я — сыну рэпрэсаванага. Пра гэта ў мяне ёсьць і аповесьць «Песьня пра Леніна».
Франц Сіўко: Напэўна, месца жыхарства больш мае значэньне ў маладосьці, на пачатку творчага шляху асобы. Бо, зразумела, праз абмежаванасьць (а то і адсутнасьць, як, напрыклад, у мяне доўгі, ледзь не да 30-гадовага ўзросту, час) творчых кантактаў і на старонкі выданьняў цяжэй трапіць, і хоць якое імя няпроста займець. З другога боку, агульнавядома, што адсутнасьць празьмерна бурнага жыцьця ў правінцыі толькі на карысьць творчасьці.
Наогул жа не сакрэт, што ў творчым асяродку нашмат болей за месца жыхарства вырашае складнік карпаратыўны. На шчасьце, не заўсёды. Вось, бач, схаўрусаваліся два правінцыйныя аўтары ды і выдалі кніжку. І ніякая сталіца ім ня ўказ. Зразумела, нехта парадуецца выданьню, нехта, наадварот, брахне зласьліва з-за вугла — усё будзе як звычайна.
Так што абдзеленым з прычыны сваёй правінцыйнай прапіскі лічыць сябе ніяк не магу. Маладым жа, што жывуць у правінцыі, да сталічных знакамітасьцяў праз тыя ж сацыяльныя сеткі надта ціснуцца ня раю. Бо і непрыгожа, і ненадзейна. Вунь колькі адзін шанаваны віцяблянамі паэт паспрыяў у сэнсе папулярызацыі творчасьці знакамітаму Еўтушэнку, а той наведаўся неяк у горад ды, замест таго, каб падзякаваць дабрадзею, плюнуў прылюдна ў душу — зрабіў выгляд, што не пазнаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чытач Сіўко: Перавагу аддаю аўтарам і сюжэтам уцямным— Наколькі вам цікавая сучасная беларуская літаратура? Каго з сучасьнікаў чытаеце? Ці прачыталі апошнім часам нешта, пра што варта сказаць уголас?
Юры Станкевіч: Вядома, цікавая. Ёсьць шэраг маладых аўтараў, якіх няшмат, але яны ведаюць рэальнае жыцьцё, прытрымліваючыся нацыянальнай ідэі. Але ёсьць у літаратуры і шэраг «карункавых» твораў, даволі гульліва аздобленых, часам месцамі нават чытэльных, але пазбаўленых гераічнага пачатку і глыбіні, дзе прэвалюе рэфлексіўнае эстэцтва, ня болей. Ёсьць і ўвогуле літпена.
Франц Сіўко: Вялікім знаўцам здабыткаў найноўшай айчыннай літаратуры не зьяўляюся, але ў курсе справаў быць імкнуся. Прынамсі, тое, што друкуецца ў часопісах, праглядаю абавязкова. Часьцей за ўсё ад пэўнага часу — менавіта праглядаю, бо чытаньне, асабліва чыстая бэлетрыстыка, ды яшчэ гэткая нярэдка неахайная, зусім штосьці «не ідзе», Мабыць, «перакарміў» сябе ў свой час чытанкамі, зарабіўшы ў выніку на друкаваную прадукцыю алергію. А можа, два з гакам дзясяткі год у пэдагогіцы сілы адабралі…
То чытаю галоўным чынам ліставаньні, дзёньнікі ды мэмуары. Цягне на простае, уцямнае. Толькі што скончыў збольшага вывучэньне дзёньнікаў асобаў з атачэньня Лява Талстога. Праглядзеў дзёньнікавыя запісы Барадуліна. Перачытаў ліставаньні Зоські Верас. Зь неўласьціваю на сёньняшні дзень уседлівасьцю (напэўна, таму, што сам зьявіўся на сьвет у Друі, якая зьяўляецца адным з адрасоў кнігі), перачытаў успаміны Аляксандра Надсана пра айцоў-марыянаў. А цяпер, замест таго, каб чытаць сучасьнікаў, чытаю, такі-разгэткі адступнік, лісты Плінія Малодшага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чытач Станкевіч: Зь сябрамі-пісьменьнікамі мы размаўляем пра рыбалку і футбол— Над чым цяпер працуеце?
Юры Станкевіч: З год таму пачаў працаваць над новым раманам, які, спадзяюся, калі-небудзь закончу. Ну і на замовы. Урэшце, агульная бяда (пандэмія), якая зачапіла асабліва Беларусь, уносіць свае карэктывы ў жыцьцё. Літаратура адыходзіць на другі плян.
Франц Сіўко: Выключна над сабой і над сваімі мілымі недахопамі. Тут працы непачаты край. Хочацца быць дабрэйшым — а не заўсёды атрымліваецца, прыдбаны гадамі існаваньня ў творчай сфэры эгаізм замінае. Выглядаць самавіцейшым узрост не пускае. Калі казаць пра творчыя справы, то ні над чым не працую. Даслаў у канцы мінулага году ў «Дзеяслоў» апавяданьне і больш не пішу. І не хачу, і ад адсутнасьці хаценьня ані, дарэчы, не пакутую. Мне блізкі падыход Маэма: няма чаго сказаць — змоўкні. Сьвет не бяз добрых людзей: глядзіш, і вось ужо хтосьці на тваё месца ідзе. І няхай, і дзякуй Богу.
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.