Найбольш наведвальны музэй сьвету, парыскі Люўр, набраў 10,5 мільёна візытаў у інтэрнэце дзякуючы бясплатным экскурсіям на сваім сайце і пастам у сацыяльных сетках, паведамляе Міжнароднае францускае радыё (RFI).
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Як паведаміла агенцтву France Presse дырэкцыя музэю, за 71 дзень (з 12 сакавіка да 22 траўня) сайт Люўру наведалі больш за 10 мільёнаў чалавек. Для параўнаньня: за ўвесь 2018 год музэй прыняў 10,2 мільёна наведнікаў.
Пік віртуальных наведваньняў музэю прыпаў на першыя тыдні карантыну, на працягу кожнага зь якіх сайт Люўру паглядзелі каля 330 тысяч чалавек. Прычым большасьць наведвальнікаў былі замежнымі «гасьцямі». З 12 сакавіка па 22 траўня на сайт зайшлі 16% французаў і 17% амэрыканцаў.
Пасьля гэтага працаўнікі музэю пачалі прапаноўваць больш віртуальных экскурсій на ангельскай мове. Трэцяе месца ў наведвальнасьці сайту музэю займаюць «віртуальныя турысты» з Кітаю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 11 віртуальных экскурсіяў па найлепшых музэях і галерэях сьветуЯк патлумачыла France Presse намесьніца дырэктара музэю ў сувязях з грамадзкасьцю Сафі Гранж, папулярнасьць сайту забясьпечылі магчымасьць глядзець віртуальныя экскурсіі з прыкладаньня ў смартфоне і сацыяльныя сеткі, куды работнікі выкладвалі разнастайныя відэа.
«У нашай новай рэальнасьці вялікім музэям давядзецца разьвіваць магчымасьці новых мэдыя, каб пазнаёміць гледачоў са сваімі калекцыямі, — дадала Гранж. — Мы не зусім гэта вітаем, бо творы мастацтва — гэа ня проста выявы, яны патрабуюць непасрэднай сустрэчы з гледачом».
Распрацаваная Люўрам аплікацыя дазваляе азнаёміцца з самымі вядомымі творамі ў рэжыме «віртуальнай рэальнасьці». Так, экскурсію пад назвай «тэт-а-тэт з Джакондай» спампавалі больш за 10 тысяч чалавек. Люўр таксама прапануе знаёмства са сваімі шэдэўрамі дзецям на сайце petitlouvre.louvre.fr, на якім расказваюцца займальныя гісторыі стварэньня твораў. За час карантыну гэты сайт наведалі больш за 76 тысяч чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 8 беларускіх онлайн-бібліятэк. Пампуйце, чытайце і слухайце бясплатнаРаботнікі Люўру спадзяюцца на яго хуткае адкрыцьцё, аднак кожны тыдзень яны працягваюць прапаноўваць новыя віртуальныя экскурсіі на розных мовах і знаёмства з калекцыямі музэю.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ