Новая лазэрная зброя ЗША можа зьнішчыць самалёт падчас палёту. ВІДЭА

Ілюстрацыйнае фота

Вайсковы карабель ВМС ЗША пасьпяхова выпрабаваў новую лазэрную зброю, якая можа зьнішчаць самалёты, паведамілі ВМС у Ціхім акіяне.

На фатаздымках і запісах, апублікаваных ваенна-марскім флётам, відаць падразьдзяленьне USS Portland, якое «ўпершыню выкарыстоўвае высокаэнэргетычны лазэр для дэзактывацыі паветранага бесьпілётніка», гаворыцца ў заяве.

У кароткім фільме відаць лазэрны прамень, выпушчаны з палубы карабля. На іншым здымку відаць дрон у агні.

Ваенна-марскі флёт не паведаміў, дзе дакладна праводзілася выпрабаваньне новай зброі. Вядома толькі, што вучэньні адбыліся 16 траўня.

— З дапамогай гэтай новай, перадавой тэхналёгіі мы пераглядаем вайну на моры, — сказаў капітан Кэры Сандэрс, камандуючы караблём USS Portland.

Сіла гэтай зброі не была раскрытая, але ў справаздачы Міжнароднага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў 2018 года гаворыцца, што гэта павінен быць лазэр магутнасьцю 150 кіляват.