Дзярждэпартамэнт ЗША пракамэнтаваў заяву расейскай амбасады ў сувязі з абвяшчэньнем гранту на падрыхтоўку дакладу аб расейскіх кампаніях.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Перасьцярога міжнароднай грамадзкасьці пра пагрозы, выкліканыя неаднаразовымі спробамі Расеі скарыстацца праблемамі аховы здароўя для распаўсюджваньня дэзінфармацыі і прапаганды, зьяўляецца важным элемэнтам дзеяньняў ЗША ў сувязі з пандэміяй COVID-19.
Пра гэта заявіла прадстаўнік Дзярждэпартамэнту «Голасу Амэрыкі» у адказ на просьбу пракамэнтаваць заяву амбасады Расеі ў Вашынгтоне ў сувязі з абвяшчэньнем конкурсу на выдзяленьне гранту за падрыхтоўку дакладу аб расейскіх кампаніях дэзінфармацыі ў галіне аховы здароўя.
У конкурсе за грант Дзярждэпартэмента аб'ёмам 250 тысяч даляраў могуць прыняць удзел амэрыканскія і замежныя НКА, вышэйшыя навучальныя ўстановы і камэрцыйныя арганізацыі.
Камэнтуючы выдзяленьне гранта, амбасада Расеі ў ЗША сьцьвярджае, што ў пэрыяд глябальнай эпідэміі, якая забірае жыцьці тысяч людзей у абедзвюх краінах, у ЗША «намаганьні накіроўваюцца на пошук зьнешняга ворага».
«Уплывовыя русафобскія сілы ў Вашынгтоне – на Капітоліі і ў дзяржапараце – ніколі не спыняюць дэструктыўнай дзейнасьці. Яны працуюць па сваёй праграме, не зьвяртаючы ўвагі на сыгналы, якія ідуць ад кіраўніка ўласнай дзяржавы», – сьцьвярджаецца ў заяве расейскай дыпмісіі.