22 траўня памёр галоўны патолягаанатам Горадзенскай вобласьці Міхаіл Зубрыцкі, паведамляе Hrodna.life спасылаючыся на некалькі сваіх крыніц, у тым ліку калегу мэдыка з Горадзенскага абласнога клінічнага патолягаанатамічнага бюро.
Паводле інфармацыі Hrodna.lifе, Міхаіл Зубрыцкі быў заражаны каранавірусам. Ён тыдзень знаходзіўся ў коме. 22 траўня ён пачаў прыходзіць у сябе, але паляпшэньняў не наступіла. Яму быў 51 год.
У 1994 годзе Міхаіл Зубрыцкі скончыў Горадзенскі дзяржаўны мэдыцынскі інстытут. Працаваў у Горадзенскім абласным клінічным патолягаанатамічным бюро — спачатку на пасадзе ўрача-патолягаанатама, з 1999 году — загадчыка аддзяленьня, з 2009 — начальніка бюро. Быў галоўным патолягаанатамам Горадзенскай вобласьці.
Дацэнт Горадзенскага мэдыцынскага ўнівэрсытэта, аўтар 141 навуковых прац. Асноўным кірункам дзейнасьці Зубрыцкага было выяўленьне марфалягічных зьмяненьняў у арганізьме чалавека пры розных вірусных інфэкцыях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІШто трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.