22 траўня меўся выйсьці з гомельскага ІЧУ Юры Ўласаў, якога пакаралі 15 суткамі за акцыю падтрымкі Сяргея Ціханоўскага. Пасьля таго, як тэрмін пакараньня скончыўся, жыхар Гомля на волю ня выйшаў.
Аказалася, яго пакаралі яшчэ 15 суткамі арышту. «Мы чакалі, што ён выйдзе сёньня. Але за паўгадзіны да меркаванага выхаду стала вядома, што Юрыю дадалі яшчэ 15 сутак, суд быў учора, пра яго ніхто ня ведаў», — распавёў Свабодзе Аляксей Елісееў, прыяцель Уласава.
Юрыя Ўласава затрымалі 7 траўня каля плошчы Леніна ў Гомлі разам з 20 чалавекамі пасьля акцыі ў падтрымку арыштаванага блогера Сяргея Ціханоўскага. Усіх пасьля затрыманьня адпусьцілі, толькі Юрыя пакаралі арыштам на 15 сутак. Ён быў адным з актыўных удзельнікаў акцыі, таксама ўдзельнічаў у «Прагулках па набярэжнай» у Гомлі, якія ладзіў Ціханоўскі па нядзелях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі затрымалі журналістаў і ўдзельнікаў акцыі ў падтрымку блогера Ціханоўскага, склалі пратаколы. ФОТАСуды і затрыманьні паплечнікаў Ціханоўскага працягваюцца і ў іншых гарадах Беларусі.
Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 22 траўня разглядаў справу актывіста супольнасьці «Страна для жизни» Аляксея Саламаненкі, якога вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — «кармленьні галубоў». Судзьдзя Алена Цыганкова аштрафавала яго на 540 рублёў, але рашэньне прымала за закрытымі дзьвярыма і без удзелу самога абвінавачанага. Пра гэта паведамляе «Віцебская вясна».
Сёньня ў Віцебску быў затрыманы Аляксей Прохараў — таксама за «кармленьне галубоў».
Зь міліцыі яго ня выпусьцілі — затрымалі і адразу адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ). Найбольш верагодна, што суд над ім адбудзецца ў панядзелак.
Усяго ў розных гарадах Беларусі асудзілі больш як 100 чалавек на арышт і штрафы за ўдзел у сходах, на якія прыяжджаў Ціханоўскі. Сярод іх 2 мэдыкі і 5 журналістаў. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру "Вясна, судовы маратон закрануў Менск, Віцебск, Гомель, Магілёў, Бабруйск, Воршу, Паставы, Полацак, Наваполацак, Глыбокае, Вілейку, Горадню, Ліду, Берасьце, Мазыр, Жлобін, Мар’іну Горку.