Гарадзенка Натальля Кавальская забясьпечыла свайму сыну Георгію дыстанцыйныя заняткі, пакуль ён ня ходзіць у школу праз пандэмію. За адным махам — і сотням ахвотных вучыцца онлайн.
75 урокаў у месяц і 200 вучняў
У звычайным жыцьці Натальля Кавальская вядзе дзіцячую бізнэс-школу фінансавай пісьменнасьці «Kovalski» для дзяцей ад 3 да 11 клясаў. Яны вучаць каля 100 чалавек кіраваць грашыма, размаўляць пра грошы, патрабаваць адэкватнага заробку, зьмяняць сьвет праз дабрачыннасьць.
Зь сярэдзіны сакавіка яна перавяла курсы ў онлайн. Адначасна забрала са школы сына, які вучыцца ў 4-й клясе, каб займацца зь ім самастойна. Аднак арганізаваць навучальны працэс дома аказалася няпроста.
«Тое, як дзеці рэагуюць на маці і на іншага пэдагога, — гэта розныя рэчы», — мяркуе суразмоўніца.
Тады гарадзенка прыдумала іншы варыянт. Прапанавала сваёй супрацоўніцы ў бізнэс-школе Алене Саўко за дадатковую плату займацца зь ейным сынам. Натальля па адукацыі філёляг і экспэрт па фінансах, Алена — настаўніца малодшых клясаў. Яны распрацавалі расклад да канца навучальнага году. Сын папрасіў, каб разам зь ім вучыліся ягоныя сябры. Урэшце яны вырашылі адкрыць бясплатны доступ да заняткаў усім ахвотным.
Заняткі ладзяцца з пачатку траўня на плятформе Zoom. У месяц праходзіць 75 урокаў: матэматыка, расейская і беларуская мова і чытаньне, «Мая радзіма Беларусь», факультатыўна — урокі па фінансавай пісьменнасьці. Выкладаюць Натальля і Алена. Таксама праходзяць урокі маляваньня ад Кацярыны Забелінай і па тэорыі рашэньня вынаходніцкіх задач ад Кацярыны Дабкене.
Натальля набыла ў Zoom тарыф, дзе можа далучыцца да 500 удзельнікаў. Гэта каштуе 65 даляраў на месяц. У сярэднім цяпер штодня ў іх вучацца 180–200 дзяцей з усёй Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Настаўнікаў знайшлі праз Facebook». Як прадпрымальніца самастойна стварыла онлайн-школу
«Кожны дзень чакаюць, ад якога героя будзе заданьне»
Урокі для 4 клясы, як і ў школе «Kovalski», праводзяць у форме гульняў. На расейскай мове дзеці падарожнічаюць па розных гарадах, канчатковая мэта — горад мовазнаўцаў. Матэматыку запакавалі ў папулярную сярод дзяцей «стралялку» Brawl Stars. У гэты момант гутаркі Георгі падказвае маці, што гульня абагнала па запампоўваньнях Instagram.
«Практычна ўсе школьнікі такога ўзросту яе ведаюць, запампоўваюць, гуляюць. Для іх гэта трэнд. Яны кожны дзень зь нецярплівасьцю чакаюць, ад якога наступнага героя ў іх будзе заданьне. Як у гульні яны „апаюць“ (up — анг. „угору“) герояў, так на ўроках павышаюць узровень у матэматыцы. Напрыканцы кожнага ўрока яны атрымліваюць зорку „матэматык пэўнага ўзроўню“», — расказвае Натальля.
Літаратурнае чытаньне запакавалі ў Гары Потэра. Натальля прыдумала, што Волан-дэ-Морт выкраў чароўную кнігу, у выніку ўсе ўрокі стануць сумнымі і нецікавымі. Калі не дапамагчы і не знайсьці кнігу, то Гары Потэр ня стане чараўніком. Разам з Гары яны лётаюць на Месяц, спускаюцца на дно акіяна. Падчас урокаў шмат віктарын, актыўна выкарыстоўваюцца слайды, да 96 за ўрок.
Каб падрыхтаваць такі ўрок на 45 хвілін, трэба патраціць тры гадзіны. Часта настаўнікі рыхтуюцца па начах, бо маюць яшчэ асноўную працу.
«Мы гэта робім, бо верым у тое, што школьная адукацыя можа быць вельмі цікавай. Дзеці могуць вучыцца ня дзеля адзнак, а таму, што ім падабаецца», — перакананая ўласьніца бізнэс-школы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Захавалі бясьпеку, ня страцілі час». Як прыватная школа ў Віцебску другі месяц працуе онлайн
«Вы самая клясная настаўніца. Дзякуй. Я вас люблю»
Натальля як індывідуальная прадпрымальніца магла б законна браць з бацькоў грошы за такую адукацыю. Аднак вырашыла гэтага не рабіць.
«Гэта той сацыяльны ўнёсак, які я магу зрабіць, каб дапамагчы сучасным дзецям у цяперашніх умовах давучыцца. Дзецям — веды, спакой — бацькам», — кажа яна.
Цяпер яна атрымлівае пазытыўныя водгукі ад бацькоў і дзяцей. Тут не настаўнікі ставяць адзнакі вучням, а наадварот. Дзеці па дзесяцібальнай сыстэме ставяць насуперак правілам шматзначныя адзнакі, колькі зьмесьціцца лічбаў у паведамленьне.
«Такой колькасьці нулёў і дзявятак у лічбах, якіх я нават ня ведаю назваў, мы ніколі не атрымлівалі. І нават цяпер у тэлефоне ў мяне ёсьць куча паведамленьняў: „Вы самая клясная настаўніца. Дзякуй. Я вас люблю“», — кажа Натальля.
Яе старэйшыя вучні ацанілі ейны дабрачынны праект для 4-х клясаў словамі «Респект и уважуха».
Адна з маці вучняў напісала ў чаце, што гатовая плаціць грошы за такую адукацыю. Цяпер усе ахвотныя могуць пералічыць камфортную для іх суму за ўрокі, але гэта неабавязкова. Натальля кажа, што за «данаты» (ахвяраваньні. — РС) яна змагла кампэнсаваць выдаткі на аплату карыстаньня Zoom і заробак выкладчыцы.
Дала хатняе заданьне бацькам — падзякаваць кляснай настаўніцы
Яна ня хоча камэнтаваць адсутнасьць карантыну ў беларускіх школах, «бо ніколі не працавала ва ўладзе».
«Мне здаецца, у гэтай сытуацыі ёсьць вялікі плюс. Бацькі, паспытаўшы хлеба пэдагога дома, павінны цяпер з большай павагай ставіцца да настаўнікаў, да якіх ходзяць іхнія дзеці... Самы час вярнуць аўтарытэт выкладчыкаў», — мяркуе яна.
Пасьля першых заняткаў яна дала хатняе заданьне бацькам сваіх вучняў — патэлефанаваць настаўніцам і падзякаваць за чатыры гады працы зь іхнімі дзецьмі.
«Думаю, гэта павінна стаць пунктам невяртаньня. Я вельмі чакаю жывых урокаў, сумую. Я ня веру, што нейкі онлайн-рэсурс можа замяніць жывога настаўніка. Ніколі. Але адукацыя павінна стаць іншай: больш інтэрактыўнай, сучаснай. У гэтым няма нічога складанага. У мяне няма ніякай тэхнічнай адукацыі. Я да 12 сакавіка ня ведала, што такое Zoom. Калі мы здолелі авалодаць ім за тры дні, то і школьныя настаўнікі здолелі б», — перакананая яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Улады бязьдзейнічаюць і перакладаюць адказнасьць». Пагутарылі з бацькамі, якія не адпусьцілі дзяцей у школу ў траўні