Супрацоўнікі Нацыянальнага дасьледчага цэнтру эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі імя Гамалеі Міністэрства аховы здароўя Расеі праверылі на сабе патэнцыйную вакцыну ад каранавірусу SARS-CoV-2. Пра гэта паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на дырэктара цэнтру, акадэміка РАН Аляксандра Гінцбурга.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Паводле ягоных слоў, у выпрабаваньнях бралі ўдзел распрацоўшчыкі вакцыны, арганізатары даклінічных дасьледаваньняў і тэхнолягі. Ні ў кога зь іх ня ўзьнікла пабочных эфэктаў, «усе жывыя, здаровыя і радуюцца», сказаў Гінцбург. Дакладную колькасьць выпрабавальнікаў акадэмік не назваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі за суткі ад каранавірусу памерла найбольшая колькасьць людзей ад пачатку эпідэміі
Навуковец удакладніў, што распрацоўнікі ня столькі выпрабавалі на сабе вакцыну, «колькі абаранілі сябе, для таго каб працягваць яе распрацоўку ва ўмовах пандэміі».
Гаворка ідзе пра вэктарную вакцыну на аснове ДНК адэнавірусу, у якую ўбудаваны ген новага каранавірусу.
Цяпер праходзіць фінальны этап даклінічных выпрабаваньняў. Клінічныя выпрабаваньні вакцыны, паводле акадэміка, могуць завяршыцца да канца лета.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ