Берасьцейскі абласны суд абвясьціў вырак жыхарцы Івацэвіцкага раёну, абвінавачанай у забойстве свайго нованароджанага сына, паведамляе БелТА.
Цела немаўляці знайшлі ў лістападзе 2005 году на сьметніку. Судова-мэдычная экспэртыза пацьвердзіла, што хлопчык нарадзіўся жывым. Асобу яго маці тады вызначыць не ўдалося, толькі мінулай восеньню экспэрты атрымалі для дасьледаваньня ўзоры ДНК 37-гадовай жыхаркі Івацэвіцкага раёну.
Згодна з вынікамі генэтычнай экспэртызы, дзіця прызналі ейным. Сьледчыя высьветлілі, што жанчына перакрыла хлопчыку дыхальныя шляхі, у выніку ён памёр. Затым яна паклала цела ў пакет і выкінула ў кантэйнэр для сьмецьця каля дома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўніца Сьледчага камітэту пра найбольш гучныя выпадкі забойства немаўлятакСуд прызнаў фігурантку крымінальнай справы вінаватай паводле п. 2 ч. 2 арт.139 Крымінальнага кодэксу — забойства малалетняга, які знаходзіцца ў бездапаможным стане. Яна асуджаная на 10 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Сваёй віны жанчына не прызнала. Падчас судовага сьледзтва яна заявіла, што момант забойства ня памятае. Прысуд можа быць абскарджаны.