Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя прадставіла ў Камітэт па выкананьні Орхускай канвэнцыі ліст з тлумачэньнем сваёй пазыцыі па сытуацыі вакол будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем і затрыманьнямі актывістаў, паведамляе «Экадом».
Орхуская канвэнцыя, да якой далучылася і Беларусь, прадугледжвае права грамадзкасьці на ўдзел у прыняцьці экалягічных рашэньняў, у тым ліку права на ўдзел на самым раньнім этапе, а таксама забараняе перасьлед актывістаў, якія рэалізуюць экалягічныя правы. За выкананьне Орхускай канвэнцыі ў Беларусі адказвае Мінпрыроды.
Што адказала Мінпрыроды
Пра будаўніцтва акумулятарнага заводу
Паводле Мінпрыроды, будаўніцтва заводу, у тым ліку выкананьне прадпрыемствам усіх патрабаваньняў экалягічнага заканадаўства, знаходзіцца на кантролі Лукашэнкі і кіраўніцтва зацікаўленых ведамстваў. Цяпер дзейнічае загад аб прыпыненьні будаўніцтва заводу, а пры прыёмцы ў эксплюатацыю правераць выкананьне ў поўным абʼёме праектных рашэньняў.
Пра ўдзел грамадзкасьці
Ну думку Мінпрыроды, жыхарам Берасьця і раёну далі «шырокія магчымасьці для выказваньня сваёй пазыцыі па пытаньні будаўніцтва акумулятарнага заводу», «стварылі ўмовы для атрыманьня, абмену і абмеркаваньня экалягічна значнай інфармацыі, якімі карыстаюцца актывісты».
«З улікам грамадзкай цікавасьці» да будаўніцтва «асаблівую ўвагу на самым высокім узроўні» аддаюць тым, хто выступае супраць будаўніцтва заводу, інфармацыйна-тлумачальнай працы:
- правялі больш за 80 мерапрыемстваў з удзелам больш як 3 тысяч чалавек,
- выканкамы разгледзелі 474 звароты,
- Мінпрыроды адказала на 602 лісты грамадзян па пытаньнях будаўніцтва заводу, адзначае ведамства.
Пра затрыманьні актывістаў
Як даводзіць міністэрства, штонядзельныя акцыі пратэсту актывістаў на плошчы Леніна ў Берасьці парушаюць палажэньні беларускага заканадаўства аб парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Адпаведна, штрафы актывістам і іх затрыманьні зьвязаныя «ня з тымі тэзісамі, якія яны дэкляруюць у частцы будаўніцтва заводу», і не з абмежаваньнем правоў грамадзкасьці на доступ да інфармацыі і ўдзел у прыняцьці экалягічна значных рашэньняў, а толькі з парушэньнем заканадаўства. Аднак Мінпрыроды ў дзейнасьці некаторых эка-актывістаў бачыць «палітычную афарбоўку» і лічыць яе дэструктыўнай.
Пры гэтым Мінпрыроды не патлумачыла ў лісьце, чаму з больш як 350 заявак на правядзеньне масавых мерапрыемстваў, заяўленых актывістамі, была задаволеная толькі адна.
* * *
Грамадзкае аб’яднаньне «Экадом» на працягу 2 гадоў, ад пачатку грамадзкай кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, інфармавала Камітэт па выкананьні Орхускай канвэнцыі пра выпадкі перасьледу актывістаў, якія рэалізуюць свае правы згодна з канвэнцыяй.
Паводле «Экадому», з 2018 па 18 траўня 2020 году агульная сума прызначаных праціўнікам акумулятарнага заводу штрафаў склала 44 821,5 рубля, агульная колькасьць сутак арышту — 130, было затрымана прыкладна 67 актывістаў.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.