21 траўня стала вядома, што гомельскія ўлады адмовіліся ад будаўніцтва на плошчы Леніна мачты для сьцяга за 600 тысяч даляраў.
Жыхароў Гомля абурылі пляны ўладаў, і яны стварылі пэтыцыю, якую падпісалі звыш 4 тысяч чалавек. Інфармацыю, што мачты для сьцяга ня будзе, пацьвердзілі БелаПАН у аблвыканкаме.
Навіна пра пляны будаваць тронец для дзяржаўнага сьцяга за 1,5 мільёна беларускіх рублёў зьявілася ў канцы 2019 году. Яго меркавалася зрабіць вышынёй 60 мэтраў, усяго на 10 мэтраў ніжэйшы, чым у Менску.
Памер адпаведнага палотнішча меў скласьці 12 на 6 мэтраў. Высокі кошт будаўніцтва і сумневы ў яго мэтазгоднасьці і законнасьці (у ахоўнай зоне палацава-паркавага ансамблю) выклікалі грамадзкае абурэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гомельскія ўлады хочуць паставіць мачту для сьцяга за 1,5 мільёна рублёўПэтыцыя супраць тронца набрала больш за 4 тысячы подпісаў. Але адказ з аблвыканкаму быў такі:
«Будаўніцтва не падлягае грамадзкаму абмеркаваньню». Падчас «гарачай лініі» чыноўнікі аблвыканкаму адказалі на пытаньне пра мачту для сьцяга такім чынам: «Яна патрэбна для павелічэньня патрыятызму ў гамяльчан».
«Увага грамадзтва не дала гэтага зрабіць. Калі б не было ўсяго гэтага шуму, калі б людзі не пісалі масава скаргі з указаньнем на парушэньне законаў, то мачту для сьцяга пабудавалі б, як і „залатыя прыбіральні“ на набярэжнай. А ў выпадку з мачтай было напісана шэраг калектыўных скаргаў у інстанцыі. Чакаем, калі будуць прыцягнуты да адказнасьці службовыя асобы, якія прымалі рашэньне аб гэтым будаўніцтве», — пракамэнтаваў Свабодзе архітэктар Сяргей Ляпін, адзін са складальнікаў пэтыцыі супраць тронца для сьцяга.