Акцыю «Назваць імёны памерлых» арганізавала група людзей, чые блізкія сталі ахвярамі каранавірусу, паведамляе Deutsche Welle.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
У ЗША ў чацьвер, 21 траўня, праходзіць онлайн-акцыя, падчас якой зачытваюцца імёны, узрост і месца пражываньня людзей, якія памерлі ў выніку заражэньня каранавірусам SARS-CoV-2. 24-гадзінная акцыя «Назваць імёны памерлых» (#namingthelost) пачалася напярэдадні, у яе рамках усе жыхары ЗША могуць даслаць імёны сваіх блізкіх, якія памерлі з прычыны выкліканай каранавірусам пнэўманіі COVID-19.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць інфікаваных каранавірусам у сьвеце дасягнула 5 мільёнаўОнлайн-жалобу арганізавала група людзей, якія самі ад каранавірусу страцілі родных, сяброў, калег або суседзяў. Яны жывуць у розных штатах ЗША, у тым ліку тых, што найбольш пацярпелі ад пандэміі. Арганізатары адзначаюць, што хочуць даць людзям магчымасьць правесьці сумесную жалобную цырымонію, бо з прычыны карантынных захадаў разьвітаньне з памерлымі можа праходзіць толькі ў абмежаваным фармаце.
Па дадзеных міжнароднай групы Worldometers, каранавірусам у сьвеце заразіліся ўжо звыш 5 мільёнаў чалавек. Пры гэтым амаль 330 тысяч хворых на COVID-19 памерлі, і больш за 2 мільёны чалавек ачунялі. ЗША знаходзіцца на першым месцы ў колькасьці выяўленых заражэньняў (больш за 1,5 млн) і сьмерцяў (амаль 95 тысяч).
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ