Фэдэральнае сеткавае агенцтва Нямеччыны вызваліла газаправод «Паўночны паток» ад правілаў газавай дырэктывы Эўразьвязу на тэрыторыі ФРГ тэрмінам на 20 гадоў. Пры гэтым праекту «Паўночны паток — 2» Бэрлін на мінулым тыдні ў вызваленьні ад правілаў адмовіў.
Як заявіў апэратар «Паўночнага патоку» кампанія Nord Stream AG, пры разглядзе заяўкі рэгулятар адзначыў, што газаправод зрабіў унёсак у бясьпеку паставак і не нанёс шкоды канкурэнцыі на ўнутраным эўрапейскім рынку.
Згодна з газавай дырэктывай, да ўсіх трубаправодаў, якімі газ паступае ў Эўразьвяз, прымяняюцца правілы ўнутранага рынку. Пастаўнікам і апэратарам газу ня можа быць адна і тая ж кампанія, а палова магутнасьці трубы павінна быць прапанавана іншым энэргакампаніям.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча адмовілася ад транзыту расейскага газуПершая нітка «Паўночнага патоку» была ўведзена ў эксплюатацыю ў канцы 2011 году. З гэтага часу Расея даставіла ў Эўропу больш за 345 мільярдаў кубамэтраў газу. Маршрут газаправоду праходзіць з Выбаргу да нямецкага Любміна. Яго працягласьць складае больш за 1200 кілямэтраў.
Будаўніцтва «Паўночнага патоку — 2» з Расеі ў Нямеччыну па дне Балтыйскага мора пачалося ў 2018 годзе. Меркавалася, што кладку труб завершаць у канцы 2019 году. Аднак у канцы сьнежня праца была прыпыненая пасьля таго, як Кангрэс ЗША прыняў законапраект, які прадугледжвае ўвядзеньне санкцый супраць кампаній – уладальнікаў суднаў, якія ўдзельнічаюць у кладцы труб для «Паўночнага патоку — 2».
Пасьля ўвядзеньня санкцый расейскія прадстаўнікі заяўлялі, што «Паўночны паток — 2» усё роўна будзе дабудаваны да канца 2020-га ці пачатку 2021 году. Паводле ацэнак Bloomberg, засталося дабудаваць каля шасьці адсоткаў трубаправода — гэта крыху больш за 100 кілямэтраў.
ЗША выступаюць супраць праекту, сьцьвярджаючы, што ён робіць Эўропу празьмерна залежнай ад расейскага газу і, такім чынам, уразьлівай. Такую ж пазыцыю падзяляюць Украіна і шэраг краін Эўразьвязу. Расея, Нямеччына, Аўстрыя і шэраг іншых краін, кампаніі якіх удзельнічаюць у будаўніцтве, настойваюць, што гаворка ідзе выключна пра бізнэс-праект. Вашынгтон прапанаваў пастаўляць эўрапейскім краінам амэрыканскі газ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея адмовіла Лукашэнку: зьніжак на газ Беларусі ня дасьць